25 чэрвеня 2021 г. адбылася прэзентацыя экскурсійнага тура “Крэўскі шлях”, падрыхтаваная супрацоўнікамі УК “Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей” для прадстаўнікоў Смаргонскага райвыканкама, дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў горада і раёна.Госці наведалі руіны былой уніяцкай царквы ў в. Наваспаск Смаргонскага раёна і азнаёміліся з гісторыяй пабудовы, лёсам храма скрозь прызму падзей XVIII – пач. XXст.ст. У Свята-Увядзенскім стаўрапігіяльным жаночым манастыры паслушніца Ірына правяла экскурсію і прапанавала наведаць ніжні храм асвечаны ў гонар Свв. праведных Іакіма і Ганны і капліцу ў памяць жаночага батальёна смерці прапаршчыка М. Бачкаровай. Айцец Аляксандр Шэлест – настаяцель царквы Св. благавернага князя Аляксандра Неўскага ў аг. Крэва з задавальненнем распавёў аб гісторыі храма і яго святарах. Апошнім і адным з самых уражлівых аб’ектаў праграмы стаў Крэўскі замак. Дырэктар Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Бобіна расказала аб тым, як змяняўся замак на працягу стагоддзяў і перспектывах развіцця помніка архітэктуры сярэднявечча як турыстычнага аб’ёкта. Анімацыйная праграма “Цені Крэўскага замка”, падрыхтаваная ДУК “Смаргонскі раённы цэнтр культуры” выклікала асаблівыя ўражанні ў наведвальнікаў. На замкавым двары гасцей чакалі гаспадары замка, якія распавялі аб гісторыі і легендах старажытнага аб’екта і запрасілі на баль. Мясцовыя рамеснікі Кастусь і Яўген прапанавалі цікавыя майстар–класы, кузню, фотазону, сувеніры. Кавальскую справу з вялікім задавальненнем паспрабавала асвоіць Валянціна, якая за свае старанні атрымала ад каваля Яўгена незвычайны відэлец з адным зубцом, падобнымі карысталіся ў сярэднявеччы.
Выказваем словы шчырай падзякі за дапамогу ў арганізацыі экскурсійнага тура аддзелу спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама і турыстска – інфармацыйнаму цэнтру, а таксама адміністрацыі РУП “Жыллёва - камунальная гаспадарка” за передачу музею 4 прылаўкаў для работы народных майстроў на Крэўскім замку.
Паважаныя землякі і госці Смаргонскага раёна! Запрашаем наведаць гістарычныя мясціны Смаргоншчыны!
З Вамі і для Вас, УК “Смаргонскі гісторыка – краязнаўчы музей”.