Кожная пятніца - роднае, сваё!

Адпраўляйцеся разам з намі ў падарожжа па дарозе сустрэч пастаяннай музейнай экспазіцыі. Вас чакае гісторыя г. Смаргоні і Смаргонскага раёна з экскурсіяй на пявучай роднай мове. 

Аматараў кірмашовых забаў запрашаем прыняць удзел у тэатралізаванай экскурсіі "Шляхамі кірмашовымі".
Выставы, анімацыйныя праграмы, лекцыі, музейныя заняткі і іншыя цікавосткі чакаюць вас у музеі!
Тэлефон для даведак: (801592) 3 88 49.
 
13.02.2026 г.

Рубрыка "Таямніцы музейных скарбаў"!

Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей раскрывае таямніцы музейных скарбаў.

На 1 лютага 2026 г. музейны фонд налічвае 17218 прадметаў. Прапануем уразіцца працай рук майстрых роднага краю і пазнаёміцца з прадметамі з калекцыі “Побыт і этнаграфія”!

  1. Саматканы ручнік Ганны Лукашэвіч, Маладзечанскі павет, к. XIX ст.
  2. Ільняное саматканае палатно Веры Баран, в. Святляны, да 1941 г.
  3. Посцілка Элеаноры Сячынскай, фальварак Непр, 1930-я гг.

   

 

27.02.2026 г.

Чым багаты, тым і рады!
1. Вось такі вазок (выязныя сані) размясціўся ў музейнай экспазіцыі. Выкарыстоўваўся ў гарадскім і сельскім побыце.
Выраб саней з’яўляўся спецыялізаваным промыслам і быў развіты ў сельскай мясцовасці, як вытворчасць на заказ і на рынак.
Выраблены вазок Жабінскім Пятром Аляксандравічам у 1937 годзе.
2. Незвычайны трохколавы ровар-"кармілец” заўсёды выклікае здзіўленне ў юных наведвальнікаў. Яго змайстраваў у 1930-я гады жыхар Смаргоні Карней Іван Мікалаевіч для вастрэння дробнага гаспадарчага інвентару. На такім ровары гаспадар ездзіў па горадзе і вёсках, працаваў і зарабляў грошы.
А якія скрыпкі рабіў майстар!!!

  

 

13.03.2026 г.

Уступае ў свае правы вясна. Кожны дзень напаўняецца рознымі пахамі, фарбамі, гукамі. Вясеннія мелодыі ўсё гучней разліваюцца па наваколлі. Душа просіць музыкі...
Сёння прапануем пазнаёміцца з самаробнымі музычнымі інструментамі Івана Мікалаевіча Карнея. Сваю першую скрыпку майстар зрабіў у 1931 годзе, калі служыў у войску. За сваё жыццё Іван Карней стварыў каля сотні гэтых інструментаў. З розных куткоў Беларусі прыязджалі музыканты, каб зрабіць заказ на выраб скрыпкі.

1. Скрыпка І.М.Карнея;
2. Дудка І.М.Карнея;
3. Іван Мікалаевіч са сваімі скрыпкамі.

 

  

 

27.03.2026 г.

Працягваем наша знаёмства з музычнымі інструментамі самадзейных музыкантаў Смаргоншчыны. Сёння вашай увазе прадстаўляем гармонік (баян) і акардэон.

      Гэтыя інструменты карысталіся папулярнасцю, як сярод самадзейных, так і сярод прафесійных музыкаў. Гармонік і акардэон гучалі на вяселлях, провадах, танцах і іншых імпрэзах.

У нашым музеі захоўваецца гармонік,  які належыў самадзейнаму музыканту Баравому Іосіфу Лявонцьевічу, жыхару аграгарадка Вішнева. Інструмент набыты ім у 1970-ых гадах.  

Другі музычны інструмент прадстаўлены вам – акардэон ”Ария” (вытворчасць завода музычных інструментаў г. Палтава). 

Акардэон перадаў у музей яго былы ўладальнік – самадзейны музыкант, Тумаш Вячаслаў Часлававіч, жыхар аграгарадка Вішнева.

  1. Гармонік;
  2. Акардэон “Ария”.

 

 

10.04.2026

11 красавіка споўнілася б 80 год з дня нараджэння скульптара, Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, ураджэнца Смаргонскага раёна Уладзіміра Васільевіча Церабуна. Яго памяці прысвечана выстава “Шляхі творчасці”, якая адкрылася ў Смаргонскім музеі.

Адной з работ, якая захоўваецца ў музеі, з’яўляецца кампазіцыя “Расстраляная песня”, створаная з сілуміну па тэхналогіі ліцця ў 1976 годзе, прысвечаная Віктару Хара – чылійскаму паэту і спеваку.
У 1985 годзе кампазіцыя экспанавалася на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве, за якую аўтар атрымаў сярэбраны медаль выстаўкі.
1.    У.В.Церабун;
2.    Кампазіцыя “Расстраляная песня”.

 
 
24.04.2026
 
Талент скульптара У.В.Церабуна шматгранны. Асобную старонку ў яго творчасці складала хобі - жывапіс і акварэль. Некаторыя карціны з цыклаў "Край мой родны" (2018-2019 гг.) і "Родны кут" (2001-2002 гг.) экспануюцца на выставе "Шляхі творчасці". Усяго ў музейным фондзе захоўваецца 11 работ аўтара.
Сёння вашай увазе прадстаўлены акварэльныя работы У.В. Церабуна з цыкла "Родны кут":
 
 
 
08.05.2026
 
Жыццё адданае за Радзіму…
Адзін з жыхароў Смаргоншчыны, які аддаў сваё жыццё, каб наша краіна змагла жыць пад мірным небам, быў Андрэй Фёдаравіч Гісіч 1904 года нараджэння, жыхар вёскі Алянец. Прызваны на фронт Смаргонскім райваенкаматам, ваяваў у складзе 5-й ударнай арміі 1-го Беларусскага фронта. Загінуў 26 сакавіка 1945 г. падчас фарсіравання ракі Одэр, каля горада Шведт. У фондах музея захоўваюцца яго 4 франтавыя лісты, адрасаваныя жонцы, а таксама 4 падзякі за выдатныя баявыя дзеянні.
Сёння вашай увазе прадстаўляем:
1.    Даваеннае фота А.Ф. Гісіча з жонкай Вольгай і сынам;
2.    Ліст з фронту, 1945 г.;
3.    Падзячны ліст
  
 
    
 
 
22.05.2026
 
Саломапляценне – старажытны від народных рамёстваў. У 2022 годзе прынята рашэнне аб уключэнні намінацыі «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Падтрымліваюць старажытнае рамяство і майстры Смаргонскага раёна. У фондах музея знаходзяцца дэкаратыўныя саламяныя шкатулкі, карзіны, саламяны кораб.
Вашай увазе прадстаўляем:
1.      Шкатулка П. А. Гатоўкі, 1987 г.;
2.      Саламяны кораб, 1930-я гг., выкарыстоўваўся для захоўвання збожжа,
мукі, круп, гароху і інш. Належыў В.Г. Марцішонку з в.Трылесіна.
 
 
12.06.2026
 
Пачынаючы са старажытнасці і амаль да 2-й паловы ХХ ст. асноўным сродкам атрымання абутку было яго пляценне з лыка-кары дрэў ліпы або івы. Працэс вырабу лапцей быў даволі працяглым:кару спачатку наразалі на тонкія палоскі,затым вымочвалі,сушылі і толькі пасля пачыналі плясці. Кожны чалавек, які насіў лапці,умеў не толькі іх вырабляць,але і рамантаваць.
У зале пастаяннай экспазіцыі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея прадстаўлена пара лапцей,вырабленая ў 1930-х гадах.
 
26.06.2026
 
Пачэснае месца сярод беларускіх мастакоў ХХ-га стагоддзя займае Павел Фаміч Южык (1874-1944). Большая частка яго карцін створана ў жанры пейзажа. Асобную частку яго творчасці складаюць партрэты. Павел Фаміч па прафесіі быў выкладчыкам  малявання. У перадваенныя  гады жыў у вёсцы Ветхава. Працаваў ў Залескай сямігодцы. Дзеці і дарослыя з гэтых мясцін станавіліся героямі яго партрэтаў.
У фондах Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, у жанры партрэта, захоўваецца 10 прац  Паўла  Южыка. Большасць з іх не падпісаныя мастаком.
 
 
 
10.07.2026
 

Прадстаўляем вашай увазе кнігу “Четьи-Минеи”, якая змяшчае павучанні, апокрыфы, словы, казанні, легенды, складзеныя па месяцах, у адпаведнасці з днямі ўшанавання царквой памяці святых. Прызначалася для штодзённага чытання.

Кніга была створана ў канцы XVII ст. свяціцелем Дзмітрыем Растоўскім. Перавыдадзена з арыгінала на царкоўнаславянскай мове ў 1811 годзе. Аднолькава шануецца, як праваслаўнай царквой, так і большай часткай стараабрадцаў (у Смаргонскім раёне стараабрадцы пражывалі ў вёсцы Слабада з пачатку XVIII ст. і да 1930-х гг.).

У музеі захоўваецца толькі другі том дадзенага збору. Усяго іх было 12.

На сённяшні дзень з’яўляецца адзіным старадрукам, які захоўваецца ў фондах Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.

 

 

31.07.2026

Разьба па дрэве ў Беларусі – гэта шматвекавое мастацтва, якое спалучае традыцыі, культурныя асаблівасці і майстэрства. Дрэва выкарыстоўвалі для будаўніцтва і ўпрыгожвання храмаў, палацаў, хат, выраблялі мэблю, посуд і іншыя прадметы побыту.

Багата разьбярамі і наша Смаргоншчына. У фондах музея захоўваюцца шматлікія работы, выкананыя ў тэхніцы разьбы па дрэве, якія экспануюцца, як у пастаяннай экспазіцыі “Дарогай сустрэч”, так і на часовых выставах. Вашай увазе прадстаўляем:

  1. В.А. Воранаў “Смаргонскі касцёл”, 2003 г.
  2. Ю.П. Чурылаў “Лесавікі”, 1986 г.
  3. С.М. Бандарэнка “Ваза”, 2006 г.

 

 

 

 

14.08.2026

Адным з самых распаўсюджаных промыслаў на тэрыторыі нашай краіны было ганчарства. Як самастойнае рамяство ганчарства існуе ў Беларусі з X ст., калi з’явіліся першыя ганчарныя кругі: нажныя або ручныя. У сапраўднага майстра на ганчарным крузе з куска гліны ўзнікалі розныя прадметы – гаршкі, збаны, гладышы, глякі, якія выкарыстоўвалі для захоўвання малака, вады, алею.

 У фондах Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея захоўваецца шэраг керамічных вырабаў, сярод якіх і гліняны посуд. 

Прадстаўляем вашай увазе керамічны гляк, выраблены ў 1930-х гг., належыў Яраш Лідзіі Міхайлаўне, жыхарцы вёскі Сасноўка.

 

 

28.08.2026

Велічны Крэўскі замак, са сваімі таямніцамі і легендамі, з’яўляецца важнейшым архітэктурным помнікам XIV ст., гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння. Сёння ў замку вядуцца навуковыя даследаванні і рэстаўрацыйныя работы.

Прадстаўляем вашай увазе артэфакты, знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў у Крэўскім замку:

  1. Кельма муляра, XIV ст. (Ручны будаўнічы інструмент, які выкарыстоўвалі для ўзвядзення замкавых муроў).
  2. Нервюрная цэгла, XIV ст. (Знойдзена падчас даследаванняў Княжацкай вежы).

Нервюрная цэгла выкарыстоўвалася пры будаўніцтве сярэднявечных замкаў для муравання і ўмацавання скляпенняў. Яна мела спецыяльную клінападобную або крыжападобную форму, што дазваляла ствараць трывалыя рэбры (нервюры), якія трымалі вагу столі і размяркоўвалі нагрузку на сцены.

Будаўнічы матэрыял, інструменты, сярэднявечныя ўпрыгожванні і іншыя цікавыя прадметы можна ўбачыць на выставе “Археалагічныя адкрыцці Крэва: знаходкі з замку, гарадзішча і мястэчка”, якая працуе зараз у Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Запрашаем усіх далучыцца да гістарычных адкрыццяў і пазнаёміцца з мінулым нашага краю!