2 ліпеня. Першая веласіпедна-пешаходная экскурсія "Уздоўж Оксны"

2 ліпеня работнікамі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея была праведзена першая веласіпедна-пешаходная экскурсія "Уздоўж Оксны"(прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў).

 

Адпраўной кропкай экскурсіі была абрана невялікая плошча перад гарадской бальніцай. Менавіта тут можна распавесці аб трох важных падзеях у гісторыі нашага горада. Па-першае, на тэрыторыі вакол старых могілак нашага горада, на месцы зліцця рачулак Оксны і Гервяткі размяшчаўся старажытны горад Смаргонь, магчыма, менавіта ў гэтай мясцовасці знаходзілася знакамітая на ўсю Еўропу "Смаргонская мядзведжая АКАДЭМІЯ". Па-другое, у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі цяперашняй бальніцы знаходзіўся КАНЦЛАГЕР для ўтрымання савецкіх ваеннапалонных.  Па-трэцяе: перад бальніцай знаходзіцца драўляная КАПЛІЦА збудаваная ў гонар з'явы Божай Маці.

 

Далей рухаемся наперад за тэрыторыю бальніцы і едзем па лясной дарозе ўздоўж Оксны, і спыняемся ў таполевым пасадніке недалёка ад месца, дзе знаходзіўся МЛЫН Шалома Шламовіча, а таксама праходзіла лінія ФРОНТУ ў Першай сусветную вайну.

 

Потым перасякаем дарогу да гарадскіх могілак і спускаемся па звілістай пясчанай дарозе, якая праходзіць паралельна рацэ Оксне. Наступны прыпынак робім на ўездзе ў велізарны ЗЯЛЁНЫ ЛУГ.  З савецкіх часоў гэта месца правядзення турзлётаў і розных спартыўных спаборніцтваў. Таксама, менавіта тут можна ўбачыць рачны паварот Оксны, які захавала на сваіх карцінах "Старая чаромха", знакамітая Смаргонская мастачка Лілія Уладзіміраўна Трохалева.

 

Каб дабрацца да наступнага пункта прыпынку, перасякаем Зялёны луг і на ўскрайку лесу бярэм лявей. Гэтая дарога прыводзіць нас у вёску ПЕРАВАГА. Дзесьці тут, у гады Першай сусветнай вайны пад вёскай Перавагай, размяшчаўся лясны гарадок нямецкіх войскаў з салдацкімі дамамі, аркестрам і гандлёвымі павільёнамі, пра гэта сведчаць захаваныя фотаздымкі таго перыяду. Ад вёскі да ракі Вяллі зусім блізка-метраў 500. У савецкі час каля вёскі Перавага на ўзбярэжжы Вяллі была абсталяваная пляцоўка, на якой рэгулярна праводзіліся гарадскія святы, а таксама побач знаходзіліся пляж для купання і месца адпачынку смаргонцаў.

 

Апошнім пунктам нашай экскурсіі будзе ВУСЦЕ Оксны. Злазім з ровараў і рухаемся пешшу па сцежцы ўздоўж берага Вяллі. Ледзь-ледзь не даходзячы да аўтамабільнага маста, Оксна ўліваецца ў Вяллю. У гады Вялікай Айчыннай вайны, а менавіта 4 ліпеня 1944 года, гэтая мясцовасць стала сведчаннем разлютаваных баёў, месца, дзе перапраўляліся праз раку Вяллю танкісты 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса, каб уступіць у бой з фашыстамі і вызваліць Смаргонь. У памяць аб гэтай падзеі на процілеглым беразе Вяллі  быў усталяваны на п`едзестал танк "Іосіф Сталін" у рамках мемарыяльнага комплексу "Пераправа", дзе многія праязджаючыя любяць фатаграфавацца.

 

Паўтары гадзіны экскурсіі праляцелі непрыкметна. Яго ўдзельнікі, навучэнцы летняга лагера СШ №2, не толькі праехалі на ровары, але і атрымалі веды аб некаторых падзеях з гісторыі нашага краю.

Фота ў раздзеле "ФОТАГАЛЕРЭЯ"