Экскурсіі

         

Аглядная экскурсія па Смаргоні

 

          Прапануем гасцям аглядную экскурсію па горадзе Смаргоні, якая ўключае наведванне пастаяннай экспазіцыі музея "Дорогой встреч", касцёла Святога Міхаіла Арханёла (былы кальвінскі збор князёў Зяновічаў), Спаса-Прэабражэнскага сабора.

          Скульптурная кампазіцыя "Скамарохі з мядзведзем" нагадаюць аб адной дзіўнай школе, якая была ў Смаргоні.

          Уразяць незвычайнай апрацоўкай матэрыяла садова-паркавыя скульптуры, якія ўпрыгожваюць розныя мясціны цэнтральная часткі горада.

           Скульптура паэта  Ф. Багушэвіча, які жыў і працаваў на Смаргоншчыне, нагадае аб прыгажосці роднай мовы.

          Наведванне мемарыяльнага комплекса "Па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну 1915-1917гады ў г. Смаргоні" стане напамінам аб гераічным мінулым Смаргоншчыны.

          Запрашаем усіх пазнаёміцца з гісторыяй слаўнага горада Смаргонь!

 

Экскурсія па экспазіцыі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея “Дарогай сустрэч”

 

           Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей прапануе сваім гасцям прайсці па экспазіцыі "Дарогай сустрэч" і акунуцца ў гістарычнае мінулае м. Крэва і Крэўскага замка XIV - XVIст., адчуць дух падзей, якія ў ім адбываліся, а ў далейшым вызначылі лёс ВКЛ на доўгія стагоддзі.

          Уразяць і экспануемыя прадметы, знойдзеныя падчас раскопак Крэўскага замка: каменныя ядры, кафля і гліняны посуд, фрагменты вырабаў са шкла і металу.

           Дарогі кірмашовыя прывядуць гасцей да гісторыі горада Смаргонь – у мінулым уладанні князёў Зяновічаў, магнатаў Радзівілаў і граф'еў Пшаздзецкіх.

           Шумна і людна было на Смаргонскім кірмашы: скамарохі, Мядзведзі, лялечны тэатр, гаспадыня абараначніца з традыцыйным смаргонскім абаранкам.

         "Мёртвым горадам" паўстане Смаргонь у гады Першай Сусветнай вайны. Тут распавядуць аб цяжкіх буднях салдат, аб выпрабаваннях, якія выпалі на долю бежанцаў Смаргоншчыны, аб жаночым ўдарным "батальёне смерці" прапаршчыка М. Бачкаровай.

          Фотаздымкі і дакументы прадставяць гераізм і бясстрашнасць партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў Смаргоншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

           Адчуць свет прыгожага можна дзякуючы знаёмству з творчасцю нашых землякоў: музыкантаў - М.К.Агінскага, М.Я.Карловіча, А. А.Дзяругі, А.К. Шыдлоўскага, В.В.Роўды, мастакоў - Л.В.Трохалевай, А.І.Бяляўскага, А.В.Іванова, скульптараў - У.В.Церабуна, А.І.Жываева, І.Я.Іткінда, пісьменнікаў і паэтаў - Ф.Багушэвіча, А.Ф.Салагуба, А.І.Цяжкага, М.С. Кульбака, Я. М.Тайца, П.П.Савоські, У.П.Някляева, А.Л.Клемянок.

 

Тэатралізаваная экскурсія “Шляхамі кірмашовымі

 

            Установа культуры Смаргонскі гісторыка – краязнаўчы музей запрашае дарослых і дзяцей наведаць тэатралізаваную экскурсію “Шляхамі кірмашовымі”.

          Усе жадаючыя адправяцца на Смаргонскі кірмаш, дзе распавядуць аб кірмашовых таварах, аб лялечным тэатры “Батлейка”,  пазнаёмяць з гісторыяй вядомай “Смаргонскай акадэміі”.

           Асабліва ўразіць прысутных на кірмашы,  выступленне  таленавітага смаргонскага мядзведзя пад кіраўніцтвам павадыра. Цікавая гульня дапаможа стварыць цудоўны настрой усім кірмашоўцам.

           Тутэйшая гаспадыня – абараначніца распавядзе і пакажа, як традыцыйна выпякалі у мястэчку абаранкі і з задавальненнем пачастуе імі  усіх  гасцей.

          Шчыра запрашаем на тэатралізаваную экскурсію “Шляхамі кірмашовымі”!