Аб музеi

 

Установа культуры “Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей” была створана рашэннем Савета Міністраў БССР у маі 1984 года, а адкрыта для наведвальнікаў у чэрвені. Першапачаткова музей быў размешчаны ў былым кальвінскім зборы, помніку архітэктуры ХVI стагоддзя.

У маі 1986 года Міністэрства культуры прапанавала змяніць профіль музея і замест гісторыка-краязнаўчага стварыць адзіны ў рэспубліцы музей-тэатр “Батлейка”. Час ішоў, вернікам вярнулі культавыя збудаванні і былы кальвінскі збор перадалі каталіцкай абшчыне

Музей часова, на правах арэнды, пераехаў на другі паверх толькі што пабудаванай крамы. Наперадзе гады пленнай працы, але без уласнай экспазіцыі і з назвай “выставачная зала музея”. У 2005 г. быў зацверджаны эскізны праект будучай экспазіцыі, з 2012 г. пачаўся капітальны рамонт будынка.

3 ліпеня 2013 года адбылося ўрачыстае адкрыцце пастаяннай экспазіцыі “Дарогай спатканняў” і будынка музея пасля рамонта.

Экспазіцыя музея складаецца з 4 залаў. Уваходная частка адлюстравана картай Смаргонскага раёна  з пазначанымі помнікамі прыроды, археалогіі і гісторыка-культурнай спадчыны.

Першая зала “Крэва ў ХIV – ХVІІ стст.” знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй мястэчка Крэва і Крэўскага замка.

Другая зала “Шляхамі кірмашовымі” прысвечана гісторыі горада з ХVI па ХІХ стст.: уладарам Смаргоні - Зяновічам, Радзівілам, Пшаздзецкім, смаргонскаму кірмашу і знакамітай мядзведжай акадэміі.

Трэцяя зала “Святло і цемра. Стагоддзе ХХ-е” прадстаўляе Смаргоншчыну ў мірны і ваенны час, аСмаргонь, як адзін з буйнейшых цэнтраў гарбарнай прамысловасці. 

Трагічная старонка гісторыі Смаргоншчыны - Першая сусветная вайна…

Хвіліны цішыні прадстаўляюць пейзажы і партрэты мастака Паўла Южыка, якія ён пакінуў нашчадкам.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлена праз фотаздымкі і дакументы, якія адлюстроўваюць гераізм і бясстрашнасць воінаў Чырвонай Арміі і мясцовага насельніцтва. 

Чацвёртая зала пад назвай “Мы ўсе ў край свой закаханы”. Малая радзіма мае вялікую прыцягальную сілу і на працягу многіх дзесяцігоддзяў служыць магутным імпульсам і самым удзячным матэрыялам для ўвасаблення ў літаратуры і мастацтве. 

У гэтай зале можна пазнаёміцца з творчасцю знакамітых скульптараў, мастакоў, музыкантаў, пісьменнікаў і народных умельцаў.