Галоўная Афіша Навіны Гісторыя Нашы дасягненні Інфармацыя Фонды Мы прапануем Прэйскурант Помнікі Зваротная сувязь

Галоўная
Афіша
Навіны
Гісторыя
Нашы дасягненні
Інфармацыя
Фонды
Мы прапануем
Прэйскурант
Помнікі
Зваротная сувязь

 

 

 

Каталог TUT.BY

 

 

 

 

 

 

Помнікі гісторыка-культурнай спадчыны

Изображение

Абласныя музеі:


Помнікі архітэктуры

 

Фрагменты замка XIV ст. аг. Крэва Ансамбль былога палаца Агінскіх пач. XIX ст. аг. Залессе
Свята-Аляксандра-Неўская царква аг. Крэва Касцёл Маці Божай Ружанцовай у аг. Солы
Былая сядзіба XVII ст аг. Жодзішк

Касцёл Маці Божай Добрай Рады ў в. Нястанішкі

Касцёл Прасвятой Троіцы Касцёл Святой Тройцы ў в. Данюшава
Вадзяны млын 1871 г. Касцёл Прасвятой Троіцы ў аг. Войстам
Касцёл св. Міхаіла Архангела г. Смаргонь Касцёл Святога апостала Тадэвуша ў аг. Вішнева
Музей - сядзіба Ф. Багушэвіча. у Кушлянах  

Помнікі археалогіі

в. Алешышкі, Залескі с/с в. Крэва, цэнтр с/с
в. Андрэеўцы, Жодзішкаўскі с/с в. Монтацішкі, Крэўскі с/с
в. Войстам, цэнтр с/с в. Няфёды, Вішнеўскі с/с
в. Выгаляненты, Вішнеўскі с/с в. Сінькі, цэнтр с/с
в. Вялікая Мыса, Залескі с/с Скірдзімы, в., Крэўскі с/с
в. Гарані, Вішнеўскі с/с в. Суцькава, Сінькоўскі с/с
Завозерцы, в., Сольскі с/с

в. Медрыкі, Сольскі с/с

в. Каты, Сінькоўскі с/с  

Помнікі гісторыі

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, помнік землякам, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, 1944 г.

Брацкая магіла размешчана ў цэнтры горада, па вуліцы Савецкай, у якой  пахавана 250 воінаў і партызан, якія загінулі ў баях супраць нацысцскіх захопнікаў.  

 

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, 1944 г.

Брацкая магіла размешчана на тэрыторыі раённай бальніцы г.Смаргонь,  у якой пахавана  50 воінаў і партызан, загінуўшых у 1941-1944 гг.

 


Фрагменты замка XIV ст. аг. Крэва

Комплекс абарончых збудаванняў каля в. Крэва Смаргонскага раёна належыць да помнікаў сярэдневяковага абаронча-крапаснога дойлідства тыпу “кастэль”.

Набегі крыжаносцаў на беларускія землі, якія пачасціліся ў канцы XIII -  пачатку XIV стст., прывялі да таго, што старыя драўляна-земляныя ўмацаванні, нават запоўненыя каменнымі вежамі-слупамі, ужо не маглі стрымаць націску адной з лепшых армій Еўропы.

У гэты час і ўзнікае абарончая сістэма на заходняй мяжы ВКЛ з магутнымі каменнымі замкамі ў Крэва, Медніках, Лідзе, Навагрудку, Гродне, Вільні, Троках.

Беларускія архітэктары, узяўшы за аснову рыцарскі кастэль, прыстасавалі гэты тып абарончых збудаванняў да сваіх умоў (кастэль – невялікі замак рэгулярнай альбо прамавугольнай формы з абарончымі сценамі, пазней дапоўненымі вежамі, якія не выступаюць за перыметр муроў. Прататыпам еўрапейскіх кастэляў з’яўляюцца старажытнарымскія ваенныя лагеры і абарончыя збудаванні краін Бліжняга Усходу). Яны значна павялічылі плошчу замкавага двара, дзе маглі знайсці прытулак не толькі войска, але і мірнае насельніцтва.

Князь Гедымін для будаўніцтва замка накшталт крыжацкіх Крэва выбраў не выпадкова. У самым пачатку XIV ст. Крэва з’яўлялася не толькі цэнтрам Крэўскага княства са сваімі абарончымі традыцыямі, эканамічнымі і культурнымі сувязямі, але і значнымі людскімі рэсурсамі, здольнымі весці вялікія будаўнічыя работы і ўтрымліваць належную абарону.

Драўляныя абарончыя збудаванні, якія лёгка знішчаліся агнём і не стрымлівалі крыжацкіх знішчальных набегаў, аджылі свой век, тым больш на славянскім парубежжы, дзе варожая пагроза з часам нарастала. Патрэбен быў замак, аб сцены якога разбіваліся б любыя атакі і які змог бы вытрымліваць нават працяглую аблогу.

У забалочанай нізіне, каля зліцця рачулкі Крэвянкі і ручая, пазней названага Шляхцянкай, і паўстаў Крэўскі замак, адзін з першых цалкам мураваных у ВКЛ. Замак узводзіўся з актыўным удзелам Гедыміна і яго сына Альгерда на мяжы XIII – XIV стст.

У агульным абарончым комплексе значную ролю, верагодна, адыгрывала і зараз пануючая над мясцовасцю гара, што размешчана за некалькі соцен метраў на поўдзень ад замка. На гэтай гары  мог месціцца назіральный пункт.

Асноўная частка збудаванняў замка была размешчана на балоцістым поплаве. Улічваючы, што з усходняга боку блізка да замка падступіла вада, падпёртых плацінаю Крэвянкі і Шляхцянкі, будаўнікі замка да падмурка сцяны насыпалі пясчаны пласт умацавання і забрукавалі яго.

У плане замак – няправільная трапецыя, звернутая большым аснаваннем у напольны бок. Даўжыня сцен розная: паўночная 85 м, усходняя – 108,5 м, паўднёвая – 71,55 м, заходняя – 97,2 м. Таўшчыня замкавых сцен дасягае 2,75 м, падмурак вышынёй да 2 м, з 30-сантыметровым цокалем, зроблены з камянёў сярэдняй велічыні на вапне. Аднак ніжнія рады падмурка ў паўночнай сцяне пакладзены на гліне, відаць, таму, што замак узводзіўся на балоцістым поплаве. Гэты падмурак таксама ляжыць на “падушцы” з дубовых і яловых лаўжоў і галля.

Замкавыя сцены да вышыні 4 м зроблены з каменю. Вышэй (і толькі з вонкавага боку) пакладзена аблямоўка з буйнапамернай цэглы ў балцкай тэхніцы, альбо  вендскай, муроўкі: чаргаванне двух лажкоў і тычка. Таўшчыня яе – 65 см. У заходняй сцяне захаваліся адтуліны ад бэлек унутранай драўлянай  сувязі. Мяркуем, што такія бэлькі былі ў кожнай сцяне.

Даўней сцены Крэўскага замка дасягалі  вышыні 12-13 м. Цяпер толькі асобныя іх фрагменты (на паўночнай сцяне) маюць вышыню каля 10 м. На вышыні 10 м па ўсім перыметры на драўляных бэльках размяшчалася баявая галерэя – памост. Сляды бэлек яшчэ выразна былі відаць у XIX ст. Стралялі абаронцы замка праз байніцы, што былі на адлегласці 2,4 м адна ад адной. Цяпер цяжка ўзнавіць форму і абрысы байніцы, бо зверху сцены разбураны.

На паўночна-заходнім рагу замка была адна вялікая (Княская) вежа, памерам 18,65 х 17 м, якая выступала за перыметр замкавых муроў, надзейна фланкіруючы заходнюю і паўночную сцены. На стыку ўсходняй і паўднёвай сцен, выступаючы ў бок замкавага двара, стаяла яшчэ адна вежа, памеры якой – 11 х 10,65 м. Вежа была прыбудавана да сцен і адрозніваецца ад іх глыбінёй залягання падмуркаў. Несумненна, яе ўзвялі пазней, бо сцены вежы закрылі некалькі адтулін ад бэлек баявой галерэі – памоста.

Некалі Княская вежа ўзвышалася над замкавымі сценамі, аднак цяпер яе вышыня 6,6 м. Яна мела перакрыцці на бэльках, ад якіх у сцен захаваліся адтуліны памерамі 30х 30 см. Вышыня колішняга першага паверху – 3,5 м, другога – 2,3 м, трэцяга – не менш за 3 м. Існаваў, несумненна, яшчэ адзін, чацвёрты паверх, аднак сцены яго разбураны. Таўшчыня вежавых сцен была меншая, чым у сцен замка, усяго 2,2 м.

У паўднёвай сцяне Крэўскага замка быў праём, цяпер яго няма, бо сцяна ў гэтым месцы абвалілася. Шырыня яго дасягала 2,84 м, а вышыня – 4,26 м. Ён выконваў ролю запаснога выхаду.

Уяздная брама размяшчалася ў паўднёва-ўсходняй сцяне. Замкавы двор не забрукаваны камнем. Ад брамы да малой вежы ішла выбрукаваная дарога шырыней каля 8 м. Паколькі паўднёва-ўсходні ўчастак замкавага двара быў балоцісты і мокры, дарогу “забралі” ў каркас з бярвенняў. Усярэдзіну насцілалі рознае галлё і лаўжы і толькі потым насыпалі каменнем.

На адлегласці каля 14 м ад Княжацкай вежы пад сцяной размяшчалася кузня, каля самай вежы – канавязь. На заходнім краі дзюны бліжэй да ўязной брамы стаяў прамавугольны ў плане мураваны жылы будынак (даўжынёй каля 8 м) са склепам (глыбінёй 3 м). У заходняй паніжанай частцы замкавага двара размяшчаўся стаў з вадой. Мураваныя пабудовы Крэўскага замка былі накрыты жалабковай дахоўкай, драўляныя – гонтамі.

Замак меў дзве вежы, размешчаныя па дыяганалі. Яны будаваліся пасля ўзвядзення абарончых муроў без перавязкі з іх муроўкай. Паўночная Княжацкая вежа амаль квадратная ў плане (18,65 х 17 м) выступала за перыметр абарончых муроў. Яна мела 3 ці 4 паверхі і склеп-турму ўнізе. Пераходы паміж паверхамі былі зроблены ў тоўшчы сцен, якія мелі таўшчыню 3 м унізе і 2,5 -2,6 м на ўзроўні трэцяга паверха. Вежа мела больш як 25 м у вышыню, бо нават і сёння ацалелыя рэшткі яе дасягаюць вышыні каля 17,5 м.

Падмурак вялікай вежы вышынёю 3 м. Ён мае паўметровую “падушку” з дробнага камення і гліны, пад якую будаўнікі панасцілалі дубовыя і сасновыя лаўжы і галлё. Аснаванне вежы да вышыні 3 м ад цяперашняй паверхні вымуравана з каменя. Вышэй ідзе муроўка з буйнапамернай цэглы. Муроўка “лусковая”, таўшчыня “шчок” каля 0,7 м. Прамежкі забутаваны каменнямі, бітай цэглай на вапнай рошчыне. Першапачатковыя перакрыцці паміж паверхамі былі зроблены на бэльках памерамі 30х30 см.

У сярэдзіне XV ст. на цэнтральнай вежы быў пастаўлены крыжападобны ў плане слуп, на які апіраліся нервюрныя скляпенні.

Паверхі злучаліся паміж сабой драўлянымі лесвіцамі.

У сярэдзіне вежавых сцен ідуць каналы ад драўляных бэлек, памерамі 40х40 см. Яны умацоўвалі сцены, прадухілялі нераўнамерную асадку і іншыя дынамічныя ўздзеянні.

Высокі 4-х схільны дах Княскай вежы спачатку пакрываўся гонтам, а ў XV- XVI стст. – чарапіцай-дахоўкай дзвюх форм.

У вежы жылі князь, яго чэлядзь і начальнік замкавай варты. Яе жылыя функцыі пацвярджаюцца не толькі знаходкамі фрагментаў шматлікіх бытавых рэчаў і тынковак з розначасовымі жывапіснымі сюжэтамі, але і звесткамі летапісаў аб падзеях 1382 г., калі ў “твердзы” быў задушаны вялікі князь Кейстут, а зняволены ў “каморы” яго сын Вітаўт здолеў уратавацца бегствам.

Княскія пакоі размяшчаліся на другім паверсе. Над трэцім паверхам, абарончым, відаць, існаваў яшчэ адзін ярус бою, аб чым сведчаць рэшткі каменнай лесвіцы ў тоўшчы вежавай сцяны, якая вела наверх. Гэта мог быць або яшчэ адзін паверх, або баявыя пляцоўкі, размешчаныя на самым версе вежы.

Уваход у вежу знаходзіўся на ўзроўні баявой галерэі. 3-і і 4-ы паверхі мелі  вялікія аконныя праёмы са спічастымі завяршэннямі. Іх адкосы былі размаляваны фрэскамі.

У замкавую турму, якая размяшчалася на першым ярусе вежы, можна было трапіць па пераходзе ў тоўшчы паўночнай і ўсходняй сцен.

Крэўскі замак быў сведкам і месцам многіх гістарычных падзей. У хуткім часе пасля пабудовы ён падвергся нападу крыжакоў. Пра гэта сведчаць рэшткі спаленай баявой галерэі і каменныя ядры, знойдзеныя ў час раскопак пад заходняй сцяной.

У 1338 г. вялікі князь Гедымін “дал Ольгирду кролеву оцу Крево замак “ пры дзеляжы сваіх зямель паміж сямю сынамі. З гэтага часу і вядома Крэва як цэнтр удзельнага княства.

Менавіта ў Крэве правёў Альгерд гады да ўступлення на трон ВКЛ (1341 – 1345). Альгерд перадаў Крэва свайму сыну Ягайлу, князю віцебскаму і крэўскаму. Пасля смерці Альгерда ў 1377 годзе правы на трон падзялілі ўжо Кейстут і Ягайла. У 1381 годзе Кейстут пазбавіў свайго пляменніка вялікакняжацкай кароны. Ягайла схаваўся за замкавымі мурамі Крэва. У 1382 годзе крыжакі дапамаглі Ягайлу, які ўцёк да іх, перамагчы Кейстута. У Супральскім летапісе аб гэтым сказана так: “князя великого Кейстутия …  оковав ко Криеву послали и всадиливо вежю… И там во Криевепятои ноши князя великого Кестутия удавили коморники князя великого Ягайлавы”.

У 1385 г. у замку распрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі (саюза Вялікага княства Літоўскага з Польшчай). Паводле уніі на чале абедзвюх дзяржаў станавіўся вялікі князь ВКЛ Ягайла. Палітычнае аб’яднанне дзвюх дзяржаў было абумоўлена неабходнасцю сумеснай барацьбы супраць нямецкай агрэсіі.

У 1433 г. Крэва авалодаў князь Свідрыгайла, які імкнуўся заняць трон вялікага князя ВКЛ.

У перыяд з 1503 па 1506 гг. замак не раз бралі ў аблогу і значна пашкодзілі перакопскія татары. Прыкладна ў гэты час тут пабываў праездам знакаміты вандроўнік і дыпламат Сігізмунд Герберштэйн, які назваў Крэва “мястэчкам з пакінутай крэпасцю”.

Верагодна ў хуткім часе замак быў адноўлены, і ў 1519 г., аб чым маюцца летапісныя звесткі, замак быў падвержаны нападу войскаў маскоўскіх ваяводаў.

У другой палове XVI ст. у замку знайшоў прытулак беглы рускі князь Андрэй Курбскі.

Паступова Крэўскі замак губляў сваё абарончае значэнне. Аднак, яшчэ у XVIII ст. ён быў у добрым стане.

Пазней пачалося паступовае разбурэнне крэпасці.

Асабліва Крэўскі замак пацярпеў у гады Першай сусветнай вайны, калі праз Крэва праходзіла лінія фронту. Больш за тры гады вяліся пазіцыйныя баі. Замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі. Былі збудаваны бетонныя сховішчы (у Малой вежы і каля паўднёвай сцяны), назіральныя пункты. У час перастрэлак была пашкоджана Княская вежа.

У 1929 г. польскія рэстаўратары правялі мерапрыемства па кансервацыі Княскай вежы.

Замак даследавалі экспедыцыя Інстітута гісторыі АН РБ пад кіраўніцтвам М. А.Ткачова (1970 г.), архітэктурна-археалагічная экспедыцыя вытворчага аб’яднання “Белрэстаўрацыя”, археалагічны атрад гістарычнага факультэта Гродзенскага інстытута на чале з А. А. Трусавым і М. А. Ткачовым (1985 г.).

З 1988 г. архітэктурна-археалагічнае вывучэнне праводзіла экспедыцыя Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага аб’яднання пад кіраўніцтвам І. М. Чарняўскага.

Крэўскі замак – аб’ект турыстычнага маршрута. Помніку нададзена 2-я катэгорыя каштоўнасці.

  Наверх

Свята-Аляксандра-Неўская царква ў аг.Крэва

 Крэўская царква св. Аляксандра Неўскага ўзведзена ў 1854 годзе па тыпавому праекту, зацверджанаму Свяшчэнным Сінодам і Міністэрствам унутраных спраў царскай Расіі. Яна мае свае вонкавыя асаблівасці і сваю адметную гісторыю.

Гэта помнік архітэктуры позняга класіцызму і рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана кампактным прамавугольным у плане аб’ёмам пад 2-х схільным дахам, які над алтарнай часткай увянчаны цыбулепадобным купалам на 8-гранным барабане. Да галоўнага фасада прыбудавана 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай. Архітэктурная выразнасць будынка дасягаецца кантрастным спалучэннем бутавай муроўкі (элемент вонкавай архаізацыі) і атынкаваных пабеленых элементаў дэкору: руставаных вуглавых лапатак, ліштваў арачных аконных праёмаў, карніза і фрыза.

Малітоўная зала перакрыта драўляным цыліндрычным скляпеннем, апсіда вылучана драўляным іканастасам.

Першыя пісьмовыя звесткі пра крэўскую царкву св. Мікалая адносяцца толькі да 1609 года: кароль дае адказ на скаргі жыхароў Крэва, што крэўскі стараста Ян Валмінскі парушае законы і правы сялян. Сярод скаргаў значыццца і такая, што стараста вольна абыходзіцца з зямельнай маёмасцю царквы св. Мікалая.

Іншых звестак пра праваслаўныя святыні тагачаснага Крэва пакуль што няма. Ёсць яшчэ паведамленне, што ў 1768 годзе ў мястэчку існавалі “шпіталі рымскі і рускі”, гэта значыць, адзін належаў касцёлу, а другі царкве.

Больш-менш пэўныя звесткі пра праваслаўныя храмы ў Крэве адносяцца да другой паловы XIX стагоддзя.

Дзяменцій Плаўскі, які служыў у гэты час святаром крэўскай царквы св. Аляксандра Неўскага, пазнаёміўшыся з “візітамі” – апісаннем маёмасці цэркваў з 1763 года, прыйшоў да наступнай высновы: акрамя чатырох храмаў, што існавалі ў Крэве ў канцы XIX стагоддзя, калісьці тут меліся яшчэ чатыры. Пра іх месцазнаходжанне можна было толькі здагадвацца, абапіраючыся на паданні, мясцовую тапаніміку і размяшчэнне старажытных могілак.

У часы Плаўскага ў Крэве існавалі чатыры царквы.

Першая, згаданая ў 1609 годзе царква св. Мікалая, стаяла на вуліцы Зарэчнай.

Другая – царква св. Аляксандра Неўскага на вуліцы

Трэцім храмам была царква св. Троіцы, адкрытая пасля 1866 года ў скасаваным царскім урадам каталіцкім касцёле і зруйнаваная ў час першай сусветнай вайны.

Чацвёртая – Свята-Успенская царква. Вядома, што раней яна была уніяцкай і знаходзілася крыху паўночней ад сучаснага касцёла. Яна не мела свайго прыходу, аднак пры ёй дзейнічала багадзельня – прытулак для бяздомных і інвалідаў.

Амаль усе крэўскія цэрквы прысутнічаюць у апісанні Крэва канца XIX стагоддзя ў кнізе Ч. Янкоўскага “Ашмянскі павет”: “…Пасярэдзіне – белы гмах новай царквы, узведзенай на месцы неіснуючага зараз касцёла… На левым ускрайку панарамы – шэрая пасляуніяцкая цэрквачка на магільнікавай платформе сярод зеляніны разложыстых дрэў… На другім плане пейзажу, наўпрост перад вачыма – белая вежачка трэцяй крэўскай царквы”.

У большасці сваёй Крэва было праваслаўным мястэчкам. Так, у 1866 годзе з 1285 жыхароў 639 чалавек адносілі сябе менавіта да гэтай канфесіі. 337 чалавек былі католікамі, 68 – магаметанамі, а 241 – іудзеямі.

З чатырох крэўскіх цэркваў толькі дзве мелі прыходы – Свята-Троіцкая і Свята-Аляксандра-Неўская. Астатнія дзве лічыліся беднымі начыннем і былі прыпісаны да царквы св. Аляксандра Неўскага. Усе праваслаўныя вернікі Крэва і ваколіц былі падзелены на два амаль роўныя прыходы.

Да прыходу царквы св. Троіцы былі прыпісаны 297 двароў з 1170 прыхаджанамі мужчынскага полу і 1199 – жаночага. На мяжы XIX і  XX стагоддзяў службу тут вёў святар Цяжлоў, які адначасова выкладаў Закон Божы ў крэўскім народным вучылішчы. Царква св. Троіцы была разбурана ў час баёў першай сусветнай вайны, а ў 30-я гады на тым месцы паўстаў каталіцкі касцёл.

У канцы XIX стагоддзя ў яе прыходзе было больш за 268 двароў з 1071 првхаджанінам і 1030 прыхаджанкамі. Царква валодала 76 дзесяцінамі зямлі. Пры ёй у 1889 годзе была адкрыта царкоўна-прыходская школа. У гэты час святаром тут быў Плаўскі Дзяменцій Канстанцінавіч. Ён з’яўляецца аўтарам гісторыка-этнаграфічнага нарыса “Мястэчка Крэва”, які быў надрукаваны ў 1871 годзе.

Першая сусветная вайна прынесла для Крэва вялікія страты і разбурэнні. Усе драўляныя пабудовы згарэлі, а ад каменных будынкаў засталіся толькі муры замка і царквы св. Аляксандра Неўскага.

Паступова мястэчка адраджалася. Узяліся вернікі і за адбудову Свята-Аляксандра-Неўскай царквы. Усе клопаты па яе аднаўленню ляглі на святара Міхаіла Уладзіміравіча Леванчука. Былі адрамантаваны пашкоджаная званіца, накрыты дах, навялі парадак ў малітоўнай зале, дзе з вайны застаўся велізарны акоп. Пакуль ішлі работы, набажэнствы вяліся ў драўлянай капліцы.

Аднаўленне царквы было завершана ў 1928 годзе.

Святар Міхаіл набыў павагу і аўтарытэт не толькі сярод праваслаўных вернікаў, але і сярод прадстаўнікоў іншых канфесій. Ён два разы на тыдзень выкладаў у крэўскай школе Закон Божы для дзяцей з праваслаўных сем’яў. Смела выказваўся супраць апалячвання заходніх беларусаў.

Калі пачыналася Вялікая Айчынная вайна і Крэва занялі немцы, айцец Міхаіл як мог абараняў жыхароў Крэва ад насілля і смерці. Нярэдка яго заступніцтва мела поспех.

Калі ў лясах Крэўскай воласці з’явіліся атрады польскай Арміі Краёвай, яны ўзяліся знішчаць беларускі нацыянальны актыў самастойна. Айцец Міхаіл хаваў забітых па праваслаўнаму абраду. Ён жа стварыў у Крэве беларускую школу, адкрыў яе ў адной з палавін свайго дома. Ён сам, яго дачка Ларыса і пляменніца Валянціна Шкуцько, якая прыехала з Мінска, пачалі праводзіць тут заняткі.

У ноч з 14 на 15 кастрычніка 1944 года дзве брыгады Арміі Краёвай падышлі да Крэва, каб раззброіць гарнізон літоўскай паліцыі, які размясціўся ў мястэчку.

Калі гэтая акцыя завяршылася, група “акаўцаў” накіравалася да дома святара. У гэты час у доме Леванчукоў былі сам святар, Ларыса, Валянціна і адна з мясцовых жанчын, якая працавала тут служанкай. Усе яны былі забіты.

Калі скончылася вайна, лёс царквы апынуўся ў руках савецкай улады. Быў забаронены царкоўны звон, практыкавалася правядзенне ў святочныя дні разнастайных суботнікаў і нядзельнікаў. Нягледзячы на забарону, Свята-Аляксандра-Неўская царква ў Крэве не спыніла сваю дзейнасць.

У першыя пасляваенныя гады служба тут вялася рознымі святарамі, якіх у хуткім часе пасля прызначэння ў Крэва пераводзілі ў іншыя мясціны. Іярэй Нікіфар Пыск нарадзіўся ў 1905 годзе ў сялянскай сям’і. У 1930 годзе скончыў Віленскую духоўную семінарыю, а ў 1934 годзе багаслоўскі факультэт Варшаўскага універсітэта. Служыў у многіх прыходах Гродзенскай епархіі. Служыў у Крэўскай царкве. 27 снежня 1945 года арыштаваны за антысавецкую агітацыю. Быў асуджаны на 6 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў. З месцаў заключэння быў вызвалены  датэрмінова 27 мая 1950 года. У 1959 годзе служыў святаром Мікольскай царквы ва Ўладзівастоку. Затым вярнуўся на радзіму. Занесены ў Сінодзік за веру і царкву Хрыстову, цярпеўшых ганенні ў Гродзенскай епархіі ў 1944 – 1945 гадах.

У 50-я гады XX стагоддзя ў Крэве служыў святар Сергій Петрукевіч. Пазней, у 1959 годзе, сюды быў накіраваны айцец Іаан (Іван Данілавіч Сарока). На працягу трох дзесяцігоддзяў ён добрасумленна выконваў свой абавязак па абслугоўванню рэлігійных патрэб вернікаў. З восені 1965 года пад крыло Свята-Аляксандра-Неўскай царквы перайшлі са складу Суцькаўскага прыхода вёскі Вялікая Мыса, Базары, Лапціха, Міхнічы і Сялец.

Жыццё мітрафарнага протаіярэя Іаана Сарокі трагічна абарвалася ў лютым 1990 года, калі ён з жонкай трапілі ў дарожна-транспартную аварыю.

У 1990 годзе ў Крэўскі прыход быў накіраваны святар айцец Валянцін (Валянцін Цімаеевіч Шэлест). У 1995 годзе на месце, дзе раней стаяла Свята-Мікалаеўская царква быў усталяваны памятны крыж. Ушаноўваючы памяць загінуўшых у час першай і другой сусветных войнаў, праводзяцца паніхіды і асвячэнне брацкіх магіл.

 

Літаратура

1. Дзярновіч А. І. і інш. Лёс Крэва. – Мн., 1993. С. 23 – 25.

2. Камінскі А. Аб чым расказваюць званы // Светлы шлях, 2004. – 1 верасня.

3. Карлюкевич А. В поисках утраченного// Советская Белоруссия, 2006. – 24 июня, с. 27.

4. Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыкл. даведнік. – Мн., 2001. с. 107.

5. Черепица В. И. Очерки истории православной церкви на Гродненщине (с древнейших времён до нашего времени). Часть 1. – Гродно, 1999. с. 259.

6. Jankowski Cz. Poviat Oszmianski,T. 1. Krakow,1845/

7. Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego. T.IV. – Warczawa, 1883. С. 666 – 668.

   Наверх

Былая сядзіба XVII ст у аг. Жодзішкі

Помнік архітэктуры барока і сядзібна-паркавага мастацтва. Належыць да тыпу архітэктурных помнікаў.

У пачатку XVII cт. Жодзішкамі валодаў Геранім Мацеявіч Комар, пасля смерці якога маёнтак адзедзічыў яго брат каралеўскі ротмістр Крыштаф Комар. Пазней Жодзішкі атрымаў у спадчыну яго малодшы сын Уладіслаў Комар, ашмянскі земскі суддзя. З жонкай княжной Ізабэлай Дольскай ён пакінуў дачку Барбару, жонку Казіміра Мінкевіча, ашмянскага падстарасты, пазней ашмянскага падстолія (ажаніліся каля 1684 г., ён памёр у 1698 г.).

У Казіміра Мінкевіча і Барбары Камароўны ў 1685 г. нарадзіўся адзіны сын Адам Мінкевіч, які ў 1700 г. уступіў у манаскі ордэн езуітаў. Ён, як адзіны спадкаемца бацькоўскіх маёнткаў, угаварыў маці падараваць Жодзішкі езуіцкаму ордэну.  9 кастрычніка 1703 г. яны выдалі фундушавы дакумент на заснаванне ў мястэчку езуіцкага калегіума з запісаннем яму ў фундуш маёнтка Жодзішкі з навакольнымі фальваркамі. З-за ваенных дзеянняў і моравых пошасцяў на тэрыторыі ВКЛ езуіты з’явіліся ў Жодзішках толькі ў 1708 г., калі 15 снежня фундатары падпісалі ўзноўлены фундушавы дакумент.

У 1708-1773 гг. у Жодзішках дзейнічае езуіцкі калегіум, які размяшчаўся на тэрыторыі сядзібы. У 1709-1762 гг. езуіцкі калегіум у Жодішках узначальвалі віцэ-рэктары, а пазней – рэктары.

У 1709 годзе, неўзабаве пасля акта фундацыі, тут пачаў дзейнічаць калегіум, які атрымаў назву Verbipolitanum. Пад яго патрэбы быў прыстасаваны стары драўляны шляхецкі двор, які меў дамовую капліцу і складаўся з трох паяднаных галерэяй павільёнаў.

Першым віцэ-рэктарам стаў Антоні Шыпіла. У 1709 г. акрамя віцэ-рэктра ў калегіуме жылі міністр Уладіслаў Дзягілевіч, прафесар рыторыкі і прэфект школкі Ян Фрэйндт, прафесар паэтыкі і граматыкі магістр Казімір Чарняшскі і эканом маёнтка Станіслаў Залескі.

Спачатку – з 1709 г. – пры калегіуме пачала дзейнічаць школка, у якой выкладаліся элементарныя навукі, паэтыка і рыторыка. У 1710 г. была заснавана бібліятэка. У 1740, 1756, 1772 гадах у школцы выкладаўся курс філасофіі для свецкіх студэнтаў, а з 1770 г. – матэматыка, французская і нямецкая мовы. З 1745 г. пры калегіуме існавала музычная бурса, у якой у 1745-1747 гг. быў дырыжорам нехта Антоні Драздоўскі. У 1767 г. пры калегіуме была адкрыта аптэка.

Помсцячы ашмянскай шляхце за падтрымку Станіслава Ляшчынскага, у 1734 г. маскоўскія войскі спустошылі павет. Спалены быў і калегіум у Жодзішках. Толькі праз дваццаць гадоў – у 1775 г. – віцэ-рэктар Ян Корсак здолеў падступіцца да аднаўлення будынкаў. У 1757 г. распачата муроўка новага калегіума, будаўніцтва якога цягнулася трынадццаць год і завяршылася ў 1770 годзе. Новы мураваны калегіум будаваўся паводле праекта Тамаша Жаброўскага (1714 -1758), выдатнага архітэктара-езуіта, беларуска-літоўскага асветніка, матэматыка, астранома, аднаго з вядучых архітэктараў віленскай школы барока.

У сваёй кнізе “Вілія і яе берагі…” (Дрэздэн,1871) вядомы краязнавец К. Тышкевіч апісвае будынак калегіума як “… прыгожы, на тры паверхі, добрых памераў…”. Да нашага часу будынак дайшоў, перацярпеўшы частковыя разбурэнні. Існуе некалькі версій яго першапачатковага выгляду. Згодна К. Тышкевічу будынак меў тры паверхі ў сваёй часцы, прыстасаванай пад жытло, і два паверхі у асноўнай часцы.

Пасля роспуску ордэна ў 1773 г., езуіты пакінулі Жодзішкі, а іх маёмасць перайшла ва ўласнасць казны. Яна была перададзена ў фундуш новастворанай Адукацыйнай камісіі Вялікага княства Літоўскага, якая з дазволу караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага перадала маёнтак у трыманне генералу кароннай артылерыі Шчаснаму Патоцкаму. Ён неўзабаве перадаў правы валодання маёнткам графу Тэадору Ласкарысу, вялікалітоўскаму палкоўніку. За карыстанне маёнткам ён выплочваў фундуш Адукацыйнай камісіі 22 000 злотых штогод. Ласкарыс з будынка калегіума ўтварыў палац, які выкарыстоўваўся пад жыллё толькі часткова. Драўляныя будынкі былой школкі выкарыстоўваліся пад чалядню.

Паводле “Тарыфа падымнага” Ашмянскага павета 1790 г. у былым езуіцкім маёнтку Жодзішкі, які трымала ўжо ўдава графа Ласкарыса, налічвалася 93 сялянскіх дыма і 2 карчмы, выплочвалася 558 злотых падымнага падатку штогод у Скарб ВКЛ.

Пасля Ласкарысаў маёнтак быў падзелены на некалькі ўладанняў. Частка Жодішак з сядзібным домам трапіла да Мілачэўскіх. Тышкевіч маляўніча апісвае тагачасны стан сядзібнага дома, “якога ўсяго невялікая частка, але найлепей размешчаная над спадзістым берагам Віліі, заселена цяперашнімі ўладальнікамі і сёння добра дагледжана. Астатняя частка будынка стаіць без даху і акон, толькі ніжні паверх пад заслонай старых скляпенняў з’яўляецца жылым; у прасторных падземных сустарэннях і келлях, займаных нейкалі набожнымі айцамі, захаваліся памяшканні для дваровай чэлядзі, а гаспадарчыя склады, трапезная і іншыя залы ператвораны ў свіраны для ссыпання збожжа. Верхнія паверхі, цалкам ператвораныя ў руіны, выглядаюць сумна. Вецер, пранізліва выючы, беспакарана прабіваецца праз вокны (…)”.

Пасля паўстання 1863 г. уладальнікамі Жодзішкаўскай сядзібы сталі Бакшанскія.

У 20-30-х гг. ХХ ст. у будынку былога калегіума размяшчаліся управа гміны, пошта, прыёмны пакой і школка.

Пасля Другой сусветнай вайны будынак калегіума быў прыстасаваны да патрэб коснатуберкулёзнага дыспансера, аднак неўзабаве ў выніку пажару, будынак быў значна пашкоджаны, адноўлены ў 1949 г.

З 1949 г. па сенняшні час у былой сядзібе размяшчаецца абласная псіханеўралагічная бальніца.

Пры сядзібе знаходзіцца парк пейзажнага тыпу, які таксама як і сядзіба, датуецца XVII ст. Высаджваюцца ліпы, клёны, таполі.

У 1988 г. будынак сядзібы і парк унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, як помнікі рэспубліканскага значэння.

 

   Наверх

Касцёл Прасвятой Троіцы ў аг. Жодзішкі

 Касцёл Прасвятой Троіцы ў в. Жодзішкі ўнесены у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей РБ на падставе пратакола Навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны № 71 ад 28.12.2002 г.

Па свайму тыпу належыць да архітэктурных помнікаў.

У пачатку 17 ст. Жодзішкамі валодаў Геранім Мацеявіч Комар, пасля смерці якога маёнтак адышоў да яго брата - каралеўскага ротмістра Крыштафа Комара. Апошні заснаваў у Жодзішках касцёл Святой Троіцы і 12 верасня 1612 г. выдаў яму фундацыйны дакумент, а 20 снежня таго ж года фундаваў пры касцёле плябанію і школку. У канцы 17 ст. маёнтак Жодзішкі ў якасці пасагу атрымалі Міцкевічы. 15 снежня 1708 г. уладальніца Жодзішак падстолія ашмянская Барбара Міцкевіч, дачка Уладіслава Комара, па просьбе сына Адама, манаха езуіцкага закону, ахвяравала Жодзішкі езуітам.  У 1709 г. яны адкрылі спачатку рэзідэнцыю, якой у наступным годзе надаецца статус калегіума. Пры калегіуме ў 1722-1725 гадах будуецца драўляны касцёл і асвячаецца ў 1727 годзе віленскім біскупам Каралем Пятром Панцажынскім. Літоўскі правінцыял езуітаў Багушэвіч ахвяруе на вялікі алтар касцёла абраз Божай Маці італьянскага мастака, прыгожы арган і іншае начынне. У 1731 г. да жодзішскай парафіі належала 2155 прыхаджан.

Пасля ваенных  дзеянняў 1734-1735 гг. Жодзішкі былі спустошаны.

Толькі ў 1755 годзе віцэ-рэктар езуіцкага калегіума Ян Корсак распачаў пабудову новага вялікага мураванага касцёла, на што былі выкарыстаны ахвяраванні як самога Яна Корсака, так і 105000 злотых, падараваныя трокскім кашталянам Тадэвушам Агінскім, і 3000 злотых ашмянскага падстарасты Тызенгаўза. На гэтыя грошы былі набытыя 160000 штук цэглы і пачата муроўка падмурка. Наступны віцэ-рэктар  Віктар Шчуцкі ў 1760 г., атрымаўшы ад палкоўніка Розэнфельда 2000 злотых і ад шляхціча Матушэўскага 1500 злотых, скончыў мураванне фундамента і пачаў выводзіць сцены касцёла. Але неспакойныя часы для Рэчы Паспалітай 1766-1770 гг. падчас грамадзянскай вайны і маскоўскай экспансіі перапынілі будаўніцтва касцёла назаўсёды.

Сучасны касцёл Святой Троіцы, паводле некаторых аўтараў, быў пабудаваны ў 1612 г. панамі Кішкамі, прыхільнікамі рэфармацыі, як кальвінскі збор. З’яўляецца помнікам архітэктуры рэнесансу.

Мураваны кальвінскі збор заняпаў ужо ў пачатку 17 ст. Яго будынак прастаяў напаўразбураным да пачатку 19 ст.  Сучасны будынак касцёла Святой Троіцы замест старога драўлянага быў перароблены у 1820-я гады з муроў былога кальвінскага збору мясцовым пробашчам Станкевічам. Першапачаткова гэты храм як пратэстанцкі не меў алтарнай апсіды. Пры рэканструкцыі была зменена арыентацыя храма алтаром на захад, да Рыма, што фіксуе чарцёж віленскага архітэктара М.Фалькоўскага. Ранейшы падвежавы ўваходны аб’ём быў зроблены алтаром цяперашняга касцёла. Прыбудаваныя ў 1902-1904 гадах ксяндзом Эдвардам Дзібелам бакавыя капліцы надалі плану касцёла выгляд лацінскага крыжа.

Пасля паўстання 1863-1864 гг. святар касцёла Вішнеўскі быў сасланы ў Кастраму. Касцёл застаўся парафіяльным, але былі канфіскаваны тры абразы. Для магчымасці правядзення працэсій вакол касцёла ў 1886 годзе пробашчам Урублеўскім была ўзведзена мураваная агароджа касцёльнага цвінтара.

Значна пацярпеў храм у час Першай сусветнай вайны, калі была разабрана яго мураваная вежа, сам будынак быў прыстасаваны пад шпіталь, потым пад абутковую фабрыку. У гэты час на касцёльным цвінтары былі размешчаны могілкі. Рэшткі 172 пахаваных на ім загінуўшых у вайну салдат у 1936 годзе былі перапахаваны на нямецкім вайсковым могільніку ў Маркоўцах. На фотаздымку 1916 года можна бачыць размешчаныя на беразе Віліі нямецкія ваенныя збудаванні, якія, верагодна, былі звязаны падземным ходам з касцёлам.

У 1920 годзе ўнутранае і знешняе архітэктурнае афармленне было пашкоджана польскімі войскамі. Пасля вяртання з бежанства ў пасляваенны час мясцовыя жыхары пачалі аднаўленне парафіяльнага касцёла. Дзякуючы намаганням і ахвяраванням парафіян касцёл быў выратаваны ад разбурэння, накрыты новым дахам, звязаны металічнымі штабамі і забяспечаны касцёльным убраннем. У 1937 годзе інтэр’ер храма быў размаляваны фрэскамі мастака П.Сергіевіча. У міжваенны (1924- 1927 гг.) час ў ім працаваў вядомы беларускі рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

 

Літаратура:

1. Габрусь Т.В. Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у сакральным      дойлідстве Беларусі. – Мн.,2007, С.141-142.

2. Чарняўскі І., Гліннік В. “Кляштар, у кшталт патройнага крыжу збудаванны”. Нарыс з гісторыі архітэктуры езуіцкага калегіума ў Жодзішках. – ч-с “Мастацтва”, 2001, № 5.

3. Прыхач У. Касцёл Святой Троіцы ў Жодзішках//“Светлы шлях”, 5 верасня 2008 г.

4. Slownik geograficzny Krolewstwa Polskiego I innych krajow slowianskich. Warszawa, 1887, N/14. S. 814;

5. Tyszkiewicz K. Wilia I jaj brzegi: Pod wzgledem hydrograficznym, historycznym, archeologicznym. Drezno, 1871. S. 110;

6. “Жодзішкі Ашмянскага павета і яго ўладанікі ў 16 – пачатку 20 стст.”- “Геральд Litherland “, № 1-2 (13-14), Горадня,2004, год IV.

   Наверх

Вадзяны млын 1871 г. ў аг.Жодзішкі

 Пры ўездзе ў в. Жодзішкі, недалёка ад будынка калегіума, на р. Палавойка, якая ўпадае ў р. Вілію, знаходзіцца гістарычны помнік вадзяны млын, які датуецца 1871 г. Уладальнікам яго зяўляецца дырэктар ТПА «ФРА МІЛ» - Жылка Франц Баляслававіч.

Млын стаіць у нізіне. Па другі бок ад дарогі насупраць яго знаходзіцца штучнае возера, утворанае р. Палавойка. Праз шлюзы пад мастом вада цячэ да млына і з чатырохметровай вышыні падае ў чатырохвугольны калодзеж, выкладзены каменем, прыводзячы ў рух турбіну ў калодзежы, а затым і вал.

Гэты млын у 1908-1909 гг. быў набыты дзедам цяперашняга ўладальніка Юрыем Кабаком, родам з-пад в. Куранец на Вілейшчыне. Больш ранніх звестак аб першых уладальніках вадзянога млына 1871 г. у в. Жодзішкі няма. Праз 20 гадоў млын стаў уласнасцю сям’і Ю.Кабака. Пазней ім сумесна валодалі трое сыноў і чатыры дачкі Ю. Кабака, які памёр у 1943 г. Усе яны жылі за кошт работы на млыне. У 1951 г., пасля арганізацыі калгаса ў в.Жодзішкі, млын перадалі ва ўласнасць калгаса. Працаваў млын да 1961 г., калі ў вёску правялі электрычнасць, і млын стаў не патрэбны. Да гэтага часу ўсе яго механізмы былі зношаныя.

Да сярэдзіны 90-х гадоў ХХ ст. млын стаяў закінутым. Цяперашні ўладальнік набыў яго ў калгаса ў 1995 годзе. Ён вырашыў адрэстаўрыраваць і зноў увесці яго ў строй. Ф.Б.Жылка заключыў дамову з Міністэрствам культуры РБ аб захаванні помніка гісторыка-культурнай спадчыны мясцовага значэння і распачаў яго рэстаўрацыю, якую курыраваў галоўны архітэктар Мінскага раёна.

Да гэтага часу ад былога будынка застаўся толькі каменны падмурак і стары драўляны зруб. Захавалася большая частка бэлек і дзе-нідзе кроквы (апорныя элементы каркаснай канструкцыі даху) з драўлянымі цвікамі. Вокны былі выламаны. Ад даху і падлогі захаваліся толькі невялікія фрагменты. Старая турбіна таксама не захавалася.

Пры рэстаўрацыі ўдалося захаваць да 90 % бярвенняў, якія маюць узрост да 150 гадоў. Каменны падмурак, магчыма, мае ўзрост 300-400 гадоў. У ходзе рэстаўрацыйных работ былі праведзены рамонт маста і ачыстка шлюзаў.

На млыне захаваліся бакавыя дзверы, хутчэй за ўсё для бакавога кола, якое прымянялі  да таго, як сталі выкарыстоўваць турбіны. Унутры захавалася  прыстасаванне, пры дапамозе якога падаваліся мяхі з мукой на другі паверх. Яно прыводзілося ў рух з дапамогай вады. Турбіну аднавілі па ўзору турбіны, вырабленай у 1890 годзе ў Пецярбургу і знойдзенай у рацэ ў Навагрудскім раёне. Па яе прынцыпу былі зроблены чарцяжы і муляж. Па гэтых чарцяжах вырабілі новую драўляную, якая парцуе ўже 10 гадоў.

Рэстаўрацыя млына працягвалася амаль два гады і была скончана ў 1997 годзе. Унаш час на ім працуе 2 чалавекі.

Франц Жылка – прадпрымальнік. У 1997 годзе ў в. Жодзішкі адрэстаўрыраваў вадзяны млын, які дзейнічае і да цяперашняга часу. У 2007 годзе пабудаваў капліцу каля в. Стаўбуцева Смаргонскага раёна. Нарадзіўся ў 1951 годзе ў в. Стаўбуцева. Школу скончыў у в. Паляны, аўтатрактарны факультэт Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага інстытута па спецыяльнасці “інжынер-механік”. Да 1993 года працаваў у сістэме аўтамабільнага транспарта: начальнікам вытворчасці ў Мінску, галоўным інжынерам у Смаргоні, 12 гадоў – у цэнтральным апараце Міністэрства транспарту. У 1993 годзе заснаваў прыватную фірму ў Мінску. Жанаты, мае дзвюх дачок і дзвюх унучак.

 

 Наверх

Касцёл св. Міхаіла Архангела ў г. Смаргонь

(былы Кальвінскі збор)

 Галоўнай славутасцю Смаргоні з’яўляецца архітэктурны помнік XVI ст. Кальвінскі збор. Гэта адзін з цікавейшых помнікаў ранняга рэнесансу Беларусі.

Калі у XVI ст. у Еўропе пачала распаўсюджвацца новая рэлігійная плынь – рэфармацыя, многія магнаты пакінулі веру бацькоў і сталі кальвіністамі. Сярод іх былі Юрый Зяновіч (каля 1510-1583) і яго сын Хрыстафор ( каля 1540-1614), уладары Смаргоні.

Менавіта Хрыстафор Зяновіч, заўзяты кальвініст, заклаў падмурак будучага храма, а яго сын Юрый завяршыў будаўніцтва ў сярэдзіне 50-х гадоў XVI стагоддзя. Больш дакладную дату завяршэння будаўніцтва назваць цяжка, бо яна вельмі розная ў розных даследчыкаў – 1553, 1555, 1558, 1606-1612 гг. і іншыя.

Адносна першапачатковай гісторыі ўзвядзення храма таксама няма адзінай версіі. Паводле адных гістарычных дакументаў Кальвінскі збор быў ўзведзены на тым самым месцы, дзе стаяў драўляны каталіцкі касцёл Прачыстай Дзевы Марыі і Святога Мікалая, які пабудаваў ў 1503 г. Юрый Зяновіч. Паводле другіх – будаваць храм пачалі на новым, чыстым месцы.

Па свайму архітэктурнаму стылю храм быў пабудаваны ў поўнай адпаведнасці са сціплымі патрабаваннямі кальвінісцкага богаслужэння. Ён ўяўляе сабой васьмігранны аб’ём. З захаду да яго прымыкае двух’ярусная вежа: ніжні ярус – гэта ўваход у храм, верхні – званарня. З поўначы прыбудаваны невялічкі прыдзел, з поўдня – круглая вежа з вокнамі-байніцамі і вінтавой лесвіцай, якая вядзе на хоры і званарню. Таўшчыня сцен храма ад 1 да 4-х метраў. Складзены яны чаргаваннем трох радоў чырвонай і жоўтай цэглы і аднаго раду каменняў. Для таго, каб была добрая акустыка, у сцены ўмураваны пустыя пасудзіны. Дарэчы, пры рэстаўрацыйных абследаваннях у 70-я гады ХХ ст. канструкцый у сценах не было знойдзена ніводнай трэшчыны.

Амаль пад усёй плошчай храма – падзямелле. Гэтае падзямелле было ўсыпальніцай сям’і Зяновічаў. Вось што пісаў Юрый Зяновіч-унук у сваім завяшчанні: “Цела маё грэшнае, жонка мая, Ганна Слушка, пахавай сціпла ў зборы Смаргонскім у сямейным склепе, там дзе целы маіх продкаў спачываюць. Пахавай мяне па кальвінскіх звычаях, не ўстройвай цырымоніяў, якія ў панскіх касцёлах бываюць. Пахаванне майго цела правядзі за кошт майго Смаргонскага двара”.

Пасля смерці Крыштафа Зяновіча ў 1614 г. ўладальнікам Смаргоні стаў яго сын Мікалай Багуслаў (? -1621), які перайшоў у каталіцтва. Ён загінуў ў верасні 1621 г. у час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Турцыяй у Хоцінскай бітве. Яго сястра Соф’я ў 1621 годзе перадала храм католікам. Амаль на 2,5 стагоддзя, да 1863 г., кальвінскі збор становіцца касцёлам Святой Троіцы.

У інвентары Смаргоні ёсць такі запіс за 1689 г.: “…па гэтай вуліце (Дворнай) на вуглу, з боку сажалкі ля дарогі знаходзіцца каменны касцёл Святой Троіцы з купалам, званарняй і могільнікам, абнесеным каменнай сцяной”. 

У 1907 годзе ксёндз Ян Курчэўскі у сваёй публікацыі “Каталіцкі касцёл ў Смаргоні “ (Вільня, друкарня Юзафа Завадскага) пісаў: “ У 1503 годзе Ежы (Юры) Зеновіч, ваявода навагрудскі, залажыў у Смаргоні, над ракой Окснай, драўляны касцёльчык пад назвай святога Міхаіла. Ў 1611 годзе Крыштаф Юр’евіч Зеновіч, ваявода брэсцкі, кальвініст, заснаваў у Смаргоні над ставам, на плейбанійнай зямлі, мураваны кальвінскі сабор і падараваўшы весці, участкі і сенажаці, падданых сялян і акругу у горадзе, прывёз прэдыкантаў (кальвініцкіх прапаведнікаў), якія  пры дапамозе сілы, пашыряючы сваю рэлігію, так ўціснулі каталіцкага святара, што ён пакінуў Смаргонь (…)”.

З 1805 г. ў валоданне Смаргонню ўступіў князь Багдан Агінскі, які пасля пажару Смаргоні у 1806 г. вярнуў частку касцельных участкаў у падвойным памеры. У наступным годзе ўладальнікам Смаргоні стаў князь Караль Пшаздзецкі. Ён на  аснове добраахвотнай дамоўленасці з пробашчам Лівіцкім 15 жніўня 1818 г.  падпісаў акт пагаднення. У гэтым акце былі абазначаны дакладныя межы пробаства і касцельнай маёмасці. Млын з лесапілкай і стаў перайшлі ва ўласнасць Пшаздзецкага. У 1830 г. у Смаргоні налічвалася веруючых  2852 чалавекі, 3 святары і філіял касцёла – у Цыцыне.

Пасля паражэння паўстання супраць царызму ў 1863 годзе каталіцкія касцёлы амаль паўсюдна пераўтвараліся ў праваслаўныя цэрквы. І ў Смаргоні з 1866 г., замест касцёла Святой Троіцы была ўжо Міхайлаўская царква. Аздобы касцёла былі ліквідаваны, фрэскі забелены, і ўсталявана шатровая страха з макаўкай у рускім стылі. Да 1918 года храм быў праваслаўным, хаця ў гады Першай сусветнай вайны служба тут не вялася.

У занальным архіве г. Маладзечна ёсць дакумент аб тым, што ў 1918 годзе пры нямецкай акупацыі, а потым і польскай, мясцовыя каталікі робяць захады, каб вярнуць святыню сабе. Дазвол быў атрыманы.  З 1918 г. і да другой паловы 40-х гадоў ХХ ст. у касцёле зноў загучала  польская мова.

Дзесці ў 1946 ці 1947 годзе храм  быў зачынены ўладамі.

Пасля закрыцця гэты ўнікальны помнік сярэднявечча хутка пераўтвараецца ў абшарпаны, абабіты цагляны кангламерат. Толькі ў 70-х гадах ХХ ст. па ініцыятыве мясцовых уладаў і Міністэрства культуры БССР было прынята рашэнне аб рэстаўрацыі храма. Дзяржава ўклала вялікія грошы, каб кальвінскі збор у Смаргоні зноў упрыгожваў горад.

Дарэчы, храм рэстаўраваўся і раней. Так, у 1926 годзе купал распісаў беларускі мастак Пётра Сергіевіч.

Пасля рэстаўрацыі  некаторы час тут месцілася выставачная зала. А ў канцы 80-х гадоў ХХ ст. храм быў перададзены каталіцкай абшчыне.

 

 Наверх

 Музей - сядзіба Ф. Багушэвіча  к. XIX ст. у в.Кушлянах

 Сфарміравана ў канцы 19 ст.

Комплекс уключае сядзібны дом, капліцу, гаспадарчыя пабудовы, парк.

У сядзібным доме размяшчаецца музей знакамітага беларускага паэта і публіцыста Ф.Багушэвіча (музей пачаў працаваць з 2 чэрвеня 1990 г).

Сядзібны дом – прамавугольная ў плане аднапавярховая зрубная пабудова з высокім двухсхільным дахам. Рытм аконных праёмаў і слупоў галерэі галоўнага фасада будынка надае асаблівую архітэктурную выразнасць.

З малых архітэктурных форм збераглася драўляная капліца.

Гаспадарчыя пабудовы таксама драўляная, размешчаны на паўднёвы захад ад дома.

Парк з пладовым садам знаходзіцца ў асяроддзі будынка сядзібнага дома, падзелены прамавугольнай сеткай алей. Займае ён крыху больш за два гектары. Кажуць, што Францішак Багушэвіч быў выдатным агароднікам. “Аграном таго не ведаў, што ведаў Багушэвіч”, - згадваў пра паэта яго кушлянскі сусед Станіслаў Альхімовіч. Прысядзібны парк належыць да рэгулярнага тыпу паркаў. У ім добра спалучалася садовая пасадка з дэкаратыўнай. Шмат на Багушэвічавай сядзібе расло сліў, вішняў,чорных і чырвоных парэчак, агрэсту. Сярод іншых насаджэнняў пераважаюць ліпа, клён, елка, трапляюцца экзэмпляры лістоўніцы.

З вёскай Кушляны цесна звязана жыццё і дзейнасць выдатнага беларускага паэта, празаіка, публіцыста Ф.Багушэвіча.

Кушляны – старадаўняе сямейнае гняздо Багушэвічаў. У 1749 годзе фальварак купіў за чатырыста пяцьдзесят злотых прапрадзед Ф.Багушэвіча – Антон.

У пару маленства Ф.Багушэвіча Кушляны нагадвалі старасвецкі кут з усімі яго атрыбутамі, з нізкімі прысадзістымі пунямі, аборамі, свіранамі, стадоламі, з прыдарожнымі каплічкамі і крыжамі. Хата, у якой рос будучы паэт, была больш падобная да сялянскай. Месцілася яна на іншым месцы. Яе называлі афіцынай. Была яна на два канцы. Пасярэдзіне – брылёк-паветка на слупках- кругляках, сенейкі, камора. Перад паветкай – пляскаты камень-парог. Уваход у хату быў  з боку гаспадарчых пабудоў. Стаяла яна на мураваным падмурку. Прастаяла старая бацькоўская хата да трыццатых гадоў XX ст. Падмурак яе ацалеў і паказвае месца на якім яна была.

У 1837 г. бацька Ф.Багушэвіча быў афіцыйна ўзведзены ў валоданне Кушлянамі.

У перыяд з 1841 па 1846 гг. сям’я Багушэвічаў пераехала на пастаяннае жыхарства з маёнтка Свіраны (каля Вільні) ў Кушляны.

Адсюль у 1852 годзе Ф.Багушэвіч разам з братам Валерыянам паехаў паступаць у 4-х класнае аддзяленне Віленскай гімназіі. У родны дом ён прыязджаў на святы і на канікулы. У 1861 г. закончыў гімназію ў ліку чатырох лепшых вучняў, у верасні гэтага ж года быў залічаны студэнтам Пецярбургскага універсітэта, “слухаў навукі па матэматычнаму разраду”. Але пачаліся студэнцкія хваляванні, у якіх  Францішак Багушэвіч прымаў удзел. Каб пазбегнуць рэпрэсій за ўдзел у хваляваннях, 13 лістапада ён падаў прашэнне аб звальненні з універсітэта і вярнуўся ў Кушляны.

Багушэвіч едзе ў маёнтак Доцішкі Лідскага павета, дзе памешчык Звяровіч адкрыў прыватную школу для вясковай дзетвары.

Недалёка ад Доцішак у маёнтку Падзітва жыў у той час вядомы польскі мовазнаўца і фалькларыст Ян Карловіч, з якім малады настаўнік пазнаёміўся і пасябраваў на ўсё жыццё.

Падзеі паўстання 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага не абмінулі і Кушляны, якія ператварыліся ў своеасаблівы апорны пункт паўстанцаў.

За ўдзел ў паўстанні 1863-1864 гг. быў арыштаваны бацька паэта Казімір, сястра Ганна і малодшы брат Апалінар. Маёнтак на нейкі час быў секвестраваны. Існуе легенда, што ў памяць аб гэтых падзеях Ф.Багушэвіч збудаваў на тэрыторыі сядзібы капліцу.

Сам Ф.Багушэвіч знаходзіўся ў вышуку. Трэба было на нейкі час пакінуць родныя мясціны. Ян Карловіч, з якім у гэты крытычны момант давялося сустрэцца, параіў выехаць на Украіну, пазычыў грошай на дарогу. У маі 1865 г. Францішак Багушэвіч аказаўся ў Нежыне, паступіў у Юрыдычны ліцэй, адначасова працаваў хатнім настаўнікам, бо бацькі не маглі дапамагаць матэрыяльна. У ліпені 1868 г. Ф.Багушэвіч закончыў навучанне і адразу паступіў на службу памочнікам справавода Чарнігаўскага губернскага праўлення, а праз год перайшоў на пасаду следчага ў Чарнігаўскую судовую палату.

Толькі ў 1884 г. паэт змог вярнуцца на радзіму. Паэт быў ужо жанаты  на Габрыэлі Шклёнік, якая была родам з Мінска.

17 снежня  Багушэвіч падае прашэнне ў Віленскі акруговы суд залічыць яго прысяжным паверанным. Вясною 1884 г. сям’я пасяляецца у Вільні, у невялікім драўляным доме лекара Казлоўскага на вуліцы Коннай, дзе  пражыла 14 гадоў.

У 1896 г. паэт атрымаў у спадчыну пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша някепскую суму, што дазволіла яму здейсніць мары свайго жыцця. Ён разлічваецца з арандатарамі спадчыннага фальварка Кушляны, сплачвае радні і аднаўляе гаспадарку.  З 1898 г. Ф.Багушэвіч становіцца паўнапраўным гаспадаром сядзібы. Ён пабудаваў новы дом у Кушлянах, завёз дачку вучыцца ў Дрэздэнскую вакальную школу.

У Кушлянах пісьменнік займаецца літаратурнай творчасцю, працуе над беларускім слоўнікам.

Ф.Багушэвіч з’яўляецца аўтарам двух паэтычных зборнікаў “Дудка беларуская”(Кракаў, 1891 г.), “Смык беларускі”(Познань, 1894 г.), кніжкі- апавядання “Тралялёначка”(Кракаў,1892 г.).

15 (28) красавіка 1900 г. Ф.Багушэвіча не стала. Пахаваны ў в. Жупраны Ашмянскага раёна.

У 1900 г. на тэрыторыі сядзібы ў в. Кушляны устаноўлены камень з мемарыяльным надпісам.

Музей-сядзіба Ф.Багушэвіча – аб’ект турыстычнага маршрута. Аб’екту нададзена 3-я катэгорыя каштоўнасці.

  

 Наверх

Ансамбль былога палаца Агінскіх  пач. XIX  ст. у аг. Залессе

 Ансамбль складаецца з палаца, капліцы, афіцыны, парка і гаспадарчых пабудоў.

Сядзіба з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцізму і садова-паркавага мастацтва. З’яўляецца адной з найбольш вядомых сядзіб на тэрыторыі Беларусі. Родавы маёнтак Агінскіх з першай паловы XVIII ст., калі гэту маёмасць набыў Марцыян Агінскі (1672-1750), кашталян, а затым віцебскі ваявода, прадзед М.К.Агінскага. Ён запісаў Залессе ў пажыццёвае карыстанне сваёй жонцы Ганне Лярскай. Пасля яе смерці Залессем стаў валодаць сын ваяводы ад першага шлюба Тадэвуш Францішак Агінскі (1712- 1783), ваявода трокскі.

Пасля смерці Тадэвуша Агінскага яго маёмасць была падзелена паміж двума яго сынамі. Залессе атрымаў Францішак Ксаверый (1742-1814), апошні літоўскі кухмістр, барскі канфедэрат, які часцей за ўсё жыў у Маладзечне. Як нежанаты ён пакінуў Залессе свайму пляменніку Міхалу Клеафасу Агінскаму (1765-1833), які пасяліўся ў Залессі  ў 1802 г. Гэта было вельмі запушчанае ўладанне. Драўляны атынкаваны палац, пабудаваны яшчэ ў першай палове XVIII ст., патрабаваў значнага рамонту, хоць перад прыездам Агінскага быў пабелены, а гонтавы вальмавы дах пафарбаваны пад колер чарапіцы. Перад палацам зелянела акружаная ліпавымі алеямі вялізная паляна; ззаду палаца, там, дзе раней знаходзіўся рэгулярны парк, серабрылася сажалка з рамантычнымі астраўкамі і старым млынам. Тая сажалка і фрагменты ліпавых алей захаваліся да нашага часу.

Агінскі меркаваў пасяліцца ў Залессі назаўсёды, таму, адразу як прыехаў, пачаў рамонт і перабудову сядзібы, рэарганізацыю яе ў новы палацава-паркавы ансамбль. 

Адначасова ён распачаў там пабудову новага мураваннага палаца паводле праекта прафесара архітэктуры віленскага універсітэта Міхала Шульца. Пасля яго смерці будаўніцтвам сядзібы кіраваў віленскі губернскі архітэктар Юзаф Пусэ.

Да 1815 г. работы на новым палацы былі ў асноўным завершаны. Яго архітэктурна-кампазіцыйная пабудова адпавядала запатрабаванням класіцызму. Дзякуючы малюнкам (1822 г.) блізка звязанага з домам Агінскіх Леанарда Ходзькі, які прадстаўляе рэзідэнцыю з боку аранжэрэі, можна сцвярджаць, што яна прастаяла без вялікіх змен да міжваеннага перыяду. Гэта таксама  сцвярджае малюнак Напалеона Орды, зроблены каля 1877 г., які паказвае палац з боку параднага фасада, а таксама фатаграфіі 1914 і 1939 гг.

Палац атрымаў такі выгляд, які дагэтуль не сустракаўся ў будаўніцтве магнацкіх рэзыдэнцый. Для палаца характэрна чаргаванне адно- і двухпавярховых аб’ёмаў. Цантральная частка была выдзелена чатырохкалонным порцікам і завяршалася невялікай вежкай, “дзе змешчаны гадзіннік з боем, які з усіх чатырох бакоў меў цыферблат са стрэлкамі. Над вежай шар, у якім гадзіннікавы звон умацаваны”.

Аранжажарэі і дом садоўніка  побач з палацам утваралі маляўнічы ўнутраны дворык, куды ўлетку з аранжарэй выносілі вазоны з кветкамі і цеплалюбівымі раслінамі.

Унутраная планіроўка палаца дазваляла размясціць тут не толькі жылыя пакоі, але і розныя гасціныя і салоны.

Парк, што раскінуўся за палацам, адпавядаў новым узорам паркавага будаўніцтва, калі на змену геаметрычнай правільнасці прыйшла пейзажнасць. Новы залесскі парк меў рамантычны характар – акрамя разнастайных павільёнаў і мосцікаў у найбольш маляўнічых кутках былі ўстаноўлены памятныя камяні. Адзін з іх у гонар Касцюшкі, другі – з падзячным надпісам гувернёру  Жану Ралею.

Побач з англійскім паркам размясціліся два звярынца. Адзін – для ўтрымання дзікіх жывёл, другі – прагулачны.

Адначасова з узвядзеннем палаца каля старой сажалкі будаваўся вадзяны млын, які завяршаў ансамбль. З другога паверха млына можна было палюбавацца паркам і возерам.

Непаўторную чароўнасць і прыгажосць сядзібе надавалі клумбы з рознымі кветкамі. Выражаючы рамантычную сімволіку, кветкавыя клумбы прысвячаліся пэўным асобам або падзеям. Адна з самых прыгожых называлася “клумба Эмы” ў гонар дачкі кампазітара.

Аранжарэю і парк стваралі пры дапамозе вядомых у той час батанікаў Юзафа Струмілы і князя Станіслава Юндзіла.

У гарачыя дні прыемна было пагуляць па цяністых бярозавых і тапаліных алеях і дарожках над невялікай рачулкай, падзеленай на рукавы; з мосцікаў палюбавацца гульнёй вады па штучных каскадах, пакатацца на лодцы па ціхай старой сажалцы.

Ад сучаснікаў Залессе атрымала ўзвышаную назву “Паўночныя Афіны”. Тут збіраліся многія сябры і аднадумцы, абмяркоўваліся грамадскія і палітычныя творы. Прыязджаў з Пецярбурга настаўнік Юзаф Казлоўскі. Далучаліся яшчэ некалькі музыкантаў, і наладжваліся сапраўдныя музычныя святы. Італьянскія песні гучалі ў выкананні спевака Паліяні.

Бывалі вучоныя з Віленскага універсітэта, ганаровым членам вучонага савета якога быў Агінскі. Наведвалі баявыя сябры па паўстанню 1794 г., калі атрад Агінскага дзейнічаў недалёка ад Залесся.

Прыязджаў са свайго маёнтка Крывічоў сябар Ян Ходзька (Барэйка), пісьменнік і грамадскі дзеяч, цесна звязаны з дэмакратычнай моладдзю таварыства філарэтаў. Аднойчы Ходзька прыехаў да Агінскага з сынам Аляксандрам, пачынаючым паэтам, сябрам Адама Міцкевіча. Ён пад уплывам маляўнічасці наваколля сядзібы напісаў рамантычную паэму “Залессе”.

Залессе зрабіла жыватворны ўплыў на Агінскага, так што  ён хутка зноў заняўся грамадскай дзейнасцю. Кампазітар часта выязджае з Залесся ў Вільню – на пасяджэнні вучонага савета універсітэта. Дапамагае універсітэту і матэрыяльна – дорыць тэлескоп і мікраскопы.

Знешнепалітычныя падзеі 1806 г. (пагаршаюцца адносіны Расіі і Францыі) прымусілі Агінскага часова пакінуць Залессе. Ён зноў з галавой акунаецца ў палітычную дзейнасць. Пабываў у Вільні, Парыжы, Пецярбургу. Шмат сустракаецца  з уплывовымі асобамі еўрапейскіх дзяржаў. Яму зноў спатрэбіўся вопыт ранейшай дыпламатычнай службы. У 1810 г. Агінскі атрымаў сенатарскае званне.

Пасля 1812 г., вярнуўшыся на радзіму і убачыўшы разбурэнні і надзвычай бядотнае становішча беларускага народа, Агінскі звярнуўся да Аляксандра I з просьбай аб аказанні дапамогі жыхарам Магілёўскай, Віцебскай і Віленскай губерняў. Але Аляксандр I як заўсёды заставаўся верны сабе – адказы яго былі даволі невыразныя. Кампазітар траціў шмат асабістых сродкаў на арганізацыю дзейнасці Віленскага дабрачыннага таварыства, прэзідэнтам якога быў выбраны. Ён будуе ў Вільні дом для бедных і перадае таварыству частку сродкаў, атрыманых ад двух зборнікаў сваіх музычных твораў, што выйшлі ў 1817 г.

Апошнія гады жыцця ў Залессе Агінскі інтэнсіўна працаваў над сваімі “Мемуарамі”, якія выйшлі ў Парыжы ў 1827-1828 гг. У Залессі кампазітар пачаў рабіць запісы, у якіх выказвае свае адносіны да розных аспектаў музычнай культуры, якія ляглі ў аснову “Пісьмаў аб музыцы”, скончаныя ў 1828 г.

У апошнія гады жыцця ў Залессі Агінскі часта сустракаецца з прадстаўнікамі гурткоў дэмакратычнай студэнцкай моладзі, якія ўваходзілі ў Таварыствы філаматаў і філарэтаў. Асабісты сакратар Агінскага Леанард Ходзька быў блізкім сябрам Тамаша Зана, прэзідэнта таварыства філарэтаў.

У 1822 г. пачаліся арышты членаў таварыстваў. Агінскі ў гэты час звяртаецца да царскага ўрада з просьбай дазволіць яму паехаць за мяжу для лячэння.

У канцы 1822 г. Агінскі выязджае за мяжу, у Залессі застаецца яго сям’я.

Пасля смерці кампазітара ў 1833 г. маёнтак пераходзіць ва ўладанне яго сына Ірэнеўша, які пасля смерці маці перенёс сваю рэзідэнцыю ў Рэтаў.

У канцы XIX ст. маёнтак паступова страчвае ранейшую прыгажосць былых “Паўночных Афін”.

Пасля смерці Ірэнеўша Залессе пераходзіць да яго сына Міхаіла, які памірае ў 1902 г. не пакінуўшы спадчынікаў.

Наступнымі ўладарамі былі прызначаны нашчадкі М.К.Агінскага з боку яго дачок Амеліі Залускай і Эмы Высоцкай: Юзаф Залускі і браты Высоцкія – Міхаіл, Станіслаў Караль і Генрых. З 1922 г. Генрых Высоцкі стаў уладаром маёнтка сумесна з Юзафам Залускім.

У гады першай сусветнай вайны з восені 1915 па 1917 гг. у маёнтку знаходзіўся ваенны шпіталь частак 10-й рускай арміі.

Вельмі пацярпеў маёнтак у гады польска-рускай вайны 1920 г. Была страчана 1/3 частка ўсяго кошту сядзібы.

У 1927 г. частка маёнтка з палацам і паркам была набыта Марыяй Жаброўскай. Яна валодала маёнткам да 1939 г. Быў адноўлены галоўны корпус палаца, прыведзены да парадку парк.

Пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад БССР у 1939-1941 гг. у палацы размяшчаўся Дом адпачынку для жыхароў Мінска.

У 1944 -1945 гг. у маёнтку знаходзіўся шпіталь для чырвонаармейцеў.

У 1953 г. пастановай Савета Міністраў БССР маёнтак узяты пад дзяржаўную ахову.

З 1953 па 1961 гг. у сядзібе размяшчаўся Рэспубліканскі Дом адпачынку работнікаў прамкааперацыі, які ў 1961 г. быў ператворвны ў Дом інвалідаў і састарэлых.

У 1977 г. тэрыторыя маёнтка была перададзена на баланс ВА “Смаргоньсілікатабетон”.

У 1996 г. маёнтак быў перададзены Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры. У ім быў арганізаваны філіял – “Музей Агінскага”, які ў 2001 г. увайшоў у склад Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Ансамбль былога палаца Агінскіх у в. Залессе з’яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны 2-й катэгорыі каштоўнасці. З’яўляецца аб’ектам турыстычнага маршрута.

Побач з палацам  ў 1802-1822 гг.  паводле праекта архітэктара М.Шульца з цэглы пабудавана капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Гэта помнік архітэктуры класіцызму. Вырашана прамавугольным аб’ёмам, які пераходзіць у 3-гранную апсіду. Над яе вальмавым дахам узведзена 4-гранная шатровая сігнатурка-ліхтар. Плоскасныя атынкаваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, крапаваны вуглавым рустам. У апсідзе – 2-ярусны драўляны алтар.

 

Літаратура:

1. Дадзіёмава В. Горды сваім паходжаннем літвін… - Лім, 1995, 13 студзеня;

2. Кляшчонак Т. Міхал Клеафас Агінскі і Беларусь.- ч-с “Беларускі гістарычны часопіс”, 2000, №2. Стр. 79-90;

3. Кулугін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік – Мн., 2000 С.65;

4. Кучар З. Палацава-паркавы ансамбль “Залессе”: гісторыя і сучаснасць.- ч-с “Беларускі гістарычны часопіс”, 2003, № 9. С.30-37;

5. Трэпет Л . В. Там, дзе гучалі паланезы. - Мн., 1990;

6. Ходзька Л. “Залессе”- “ La Pologne historigue, litteraire, monumentali et pittoresgue”, т.1, Парыж, 1836-1837, Стр.472-480;

  

 Наверх

Касцёл Маці Божай Ружанцовай у аг. Солы

 Адзін з гістарычных помнікаў, які захаваўся ў Солах да нашага часу – касцёл Маці Божай Ружанцовай. У інвентары Сол, складзеным у ліпені 1544 года ёсць такія звесткі: “…1544 г. у Солах касцёл рымскі новазбудаваны на тым месцы, дзе царква праваслаўная была…”.

Будаўніцтва драўлянага касцёла вялося пры фундатарстве Гальшкі Радзівіл, жонкі ваяводы віленскага. Другі касцёл на гэтым жа месцы быў узведзены каля 1612 года новым гаспадаром Солаў полацкім выяводам Янам Кішкам і яго жонкай Хрысцінай з Друцкіх-Сакалінскіх. У інфармацыі з 1620 года ўзгадваецца размешчаная побач парафіяльная школа і пададзены асобны запіс аб утрыманні двух кантараў, прызначаных да навучання спевам. У 1624 годзе фундуш павялічыў кушлянскі памешчык Самуэль Адамавіч Дзедовіч.

Паводле вопісу 1654 года касцёл быў драўляны з фасаднай вежай. Яго цвінтар быў абнесены драўлянай агароджай, пры ўваходзе з боку рынку знаходзілася брама-званіца, у якой віселі тры званы. Побач з касцёлам былі размешчаны драўляныя будынкі плябаніі і шпіталя.

У 1656 годзе сольскі касцёл згарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. Пазней на яго месцы была узноўлена сціплая драўляная пабудова з адным алтаром, а ў званіцы на той момант захоўваліся толькі два званы.

Наступны касцёл на гэтым месцы быў пабудаваны ў 1699 годзе пры актыўнай дапамозе Станіслава Пазняка, старасты жаранскага і яго жонкі Марцыбэлы Амфаравічоўны. З архіўных крыніц вядома, што быў ён драўляным двухвежавым храмам, пабудаваным на каменна-цагляным падмурку. У 1757 годзе гэты будынак патрабаваў грунтоўнга аднаўлення. Асабліва ў дрэнным стане знаходзіліся дах касцёла і брама-званіца.

Падчас касцюшкаўскага паўстання ў 1797 годзе храм, плябанія, усё касцёльнае начынне і метрычныя кнігі згарэлі разам з мястэчкам. У тым жа годзе быў атрыманы дазвол на ўзнаўленне ў Солах сціплай драўлянай пабудовы, якая, аднак, загінула ў полымі напалеонаўскай вайны 1812 года.

У 1849 годзе ў мястэчку стварецца будаўнічы камітэт, праз тры гады падпісваецца кантракт з віленскім архітэктарам Анкудам Панфілавым. Касцёл быў асвечаны біскупам Вацлавам Жылінскім 4 кастрычніка 1853 года ў гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай. Ён быў драўляны, пакрыты гонтам, меў дзве вежы, і пафарбаваны ў чырвоны колер. Пры ўваходзе знаходзіліся музычныя хоры на шасці калонах, над імі – дзевяцігалосы алтар. Напярэдадні 1862 года касцёл быў ашаляваны, абнесены мураванай агароджай, у куце цвінтара вымуравана званіца.

У гады Першай сусветнай вайны, у верасні 1915 года, касцёл загінуў у пажары. Набажэнствы ў час кайзераўскай акупацыі і ў першыя пасляваенныя гады былі перанесены на могілкавую капліцу ў вёску Івашкаўцы.

Будаўніцтва новага касцёла з каменя і цэглы распачалося ў 1926 годзе. Было затрачана 540 тыс. злотых. Вуглавы камень будучай святыні быў асвечаны 24 чэрвеня 1929 года ксяндзом-канонікам Каралем Любянцом. Узвядзенне касцёла ішло пад кіраўніцтвам інжынера Адама Дубановіча пры ўдзеле ксяндза-пробашча Уладзіслава Курпіса-Гарбоўскага, фундатара Баніфацыя Трахневіча, а таксама Юзафа Захарэўскага. Гэта была “усенародная будоўля”, бо практычна ўсе жыхары Солаў і навакольных вёсак бралі ўдзел у будаўніцтве касцёла. Да 1932 года паўсталі сцены, праз два гады пачалася размалёўка ўнутранай прасторы касцёла. Будаўніцтва святыні было завершана ў 1934 годзе. Яе архітэктурны стыль лічыцца эклектычным, хоць і пераважаюць элементы барока. У касцёле былі абсталяваны тры алтары: галоўны – Маці Божай Ружанцовай, алтар Маці Божай Вострабрамскай і алтар Сэрца Пана Езуса. Паколькі касцёл мае тытул Маці Божай Ружанцовай, усе яго роспісы звязаны з Марыінай тэмай. Зрабіў іх выдатны беларускі мастак, майстра манументальнага жывапісу Пётра Сергіевіч. Роспісы прэсбітэрыя, сцен, купала робяць вялікае ўражанне на ўсіх, хто пераступае парог святыні. П. Сергіевічу дапамагаў мастак Фелікс Табер, які маляваў арнаменты.

Будынак касцёла мае асіметрычную шматпланавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Асновай яе з’яўляецца аб’ём нефа, накрыты двухсхільным дахам з вальнай надалтарнай часткай. Да нефа далучаны трансепт і паўцыркульная апсіда з канічным пакрыццём. Невысокія пабудовы сакрысціяў з крывалінейнымі парапетамі. Своеасаблівасць збудаванню надаюць галерэі-аркады. Уваходны тамбур паўкруглы ў плане. Вертыкальная дамінанта будынка – бакавая двух’ярусная вежа-званіца з фігурным завяршэннем. Двух’ярусная 8-гранная вежачка надбудавана над сяродкрыжжам храма. Фасады дэкарыраваны фігурнымі шчытамі з валютамі, ступеньчатымі контрфорсамі бутавай муроўкі. У кампазіцыі інтэр’ера пануе прастора нефа, у якую раскрываецца шырокі трансепт і больш вузкая алтарная частка. Сяродкрыжжа перакрыта купалам, неф – цыліндрычным скляпеннем. Над уваходам – хоры на двух калонах.

Вышыня касцёла – 35 метраў, унутры 23 метры, даўжыня 52 метры, шырыня 31 метр. У званіцы чатыры званы, адлітыя ў Кракаве. Вага 1 – 987 кг, 2 – 506 кг, 3 – 289 кг, 4 – 200 кг.

На пабудову гэтага касцёла было затрачана 540 тысяч злотых, сабраных парафіянамі.

Падчас закладкі падмурка сучаснага касцёла будаўнікі знайшлі скарб, які складаўся з бронзавай жырандолі з візантыйскім арлом і трыма фігурамі анёлаў наверсе, іншых культавых прадметаў. Вядомыя па інвентару  1648 года, рэчы былі схаваныя перад вайной 1656 года. З дазволу курыі яны былі перададзены кракаўскаму антыквару, а атрыманыя грошы пайшлі на будаўніцтва храма.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1949 годзе, сольскі ксёндз Вацлаў Бэкіш быў арыштаваны і высланы. Чатыры гады касцёл не меў пробашча, але па нядзелях і святах людзі наведвалі святыню і маліліся самастойна. Спроба тутэйшых уладароў зачыніць касцёл і прыстасаваць яго пад збожжасховішча не ўдалася.

Добрую памяць у сэрцах парафіян пакінуў ксёндз Уладзіслаў Матуліс, які быў пробашчам у Солах 15 гадоў. Пасля яго пастырскую місію ў касцёле прадоўжыў ксёндз Юзаф Мадсангер, які пераехаў у 1969 годзе з Краснага. У першую ж нядзелю перад імшой ён наказаў званіць у званы, каб склікаць людзей на набажэнства. Звон быў строга забаронены.

1960-я і 1970-я гады вызначаліся незвычайным наступам на хрысціянскую веру. Усялякія правіны, непаслушэнства святара цягнулі за сабой пагрозу закрыцця касцёла.

Сапраўднае адраджэнне веры пачалося ў канцы 1980-х гадоў. Гэта тычылася і сольскага касцёла.

 

Літаратура

1. Прыхач У. Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах// Светлы шлях. -  8 мая 2008 г., с. 18.

2. Падмостка Г. Амаль на востраве стаіць// Земля и люди. – июнь 2001.

3. Дукса М. Зруйнаваны і адроджаны// Ave Maria, № 5-6 2002, с. 36 – 39.

4. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік. – Мн., 2000, с. 147.

5. Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. – Мн., 1993, с. 455.

6. Jankowski Cz. Powiat Oszmianski. T,2. Krakow, 1895, с. 150 – 161.  

  

   Наверх

Касцёл Маці Божай Добрай Рады ў в. Нястанішкі

 Помнік архітэктуры неаготыкі

Касцёл знаходзіцца за 2 км на захад ад вёскі. Пабудаваны ў 1905 г.

Першы драўляны на каменным падмурку касцёл Святой Троіцы ў Нястанішках быў закладзены ў 1497 г. Багданам Андрэевічам дэ Паніжан. Ён быў уладальнікам маёнтка Паніжаны, размешчанага ў адной мілі ад Нястанішак. На ўтрыманне касцёла Багдан Андрэевіч выдзеліў фальварак Мядзель з 14 сялянамі, надзеленымі зямлёй і 12 беззямельнымі сялянамі, а таксама 10 сажалак і азёр: Светлае, Блакітнае, Вавёрчына, Барсукова і інш.; чацвёртую частку зямлі ў Седлішчы на 2 бочкі зерня з лугамі пры іх; дзесяціну з Ліпялішак і Аршвят, размешчаных за Віліяй.

У касцёльнай кнізе захаваўся запіс, што праз некалькі дзесяткаў гадоў пасля будаўніцтва і асвячэння касцёла “абывацелі літоўскія і ерэтыкі, якія жывуць па суседству з Нястанішкамі, прысвоілі падараваную касцёлу маёмасць”. Толькі ў 1604 г. ксёндз Войцех Кальчынскі, плябан Свірскі, вярнуў касцёльную маёмасць і далучыў яе да свірскай плябаніі. А ў 1616 г. ён аднавіў касцёл у Нястанішках.

У 1749 г. ксёндз Павел Ядлінскі адбудаваў драўляны касцёл і плябанію нанова.

У сярэдзіне ХІХ ст. у Нястанішскім касцёле з’явіўся алтар Святога Ізідора. Ён быў узведзены на сродкі Матыльды Бучынскай, сястры Габрыэлы Пузыны з Гюнтараў, якая стала уладальніцай Нястанішак у 1851 г.

У 80-я гг. ХІХ ст. парафія (прыход) Нястанішак налічвала 4415 веруючых.

У час Вялікай Айчыннай вайны вёска моцна пацярпела ад нямецкіх бамбардзіровак, але касцёл уцалеў.

У гады савецкай улады касцёл закрылі, але сам будынак і яго ўнутраннае ўбранне захавалася. У пач. 90-х гг. ХХ ст. касцёл зноў адчыніў свае дзверы.

Нястанішскі касцёл вядомы сваімі святамі. Галоўнае з іх – гэта свята (фэст) у гонар св. Ізідора. Яго адзначаюць у першую нядзелю пасля 10 ліпеня. У касцёле захоўваецца рэліквія святога Ізідора, прывезеная з Мадрыда. Ёсць яшчэ адна святыня – драўляны крыж, у цэнтры якога  знаходзіцца прах Аўгуста Чартарыйскага, ксяндза-салезіянца. Гэтую рэліквію прывезлі з Рыма.

У другой палове жніўня адзначаецца свята святога Роха – заступніка ўсіх хворых. А 1 мая – яшчэ адно свята, прысвечанае Маці Божай Добрай Рады, чые імя ў наш час мае касцёл.

У 2005 г. касцёл адзначыў свой 100-гадовы юбілей. Да гэтага юбілею быў адрамантаваны дах, абнесены агароджай магілы, добраўпарадкавана касцёльная тэрыторыя, пракладзена бетонная дарожка з прыступкамі, ачышчана крынічка, вада з якой лічыцца жыватворнай.

 

   Наверх

Касцёл Святой Тройцы ў в. Данюшава

Помнік архітэктуры неаготыкі

Касцёл размешчаны на заходняй ускраіне вёскі на правым беразе ракі Віліі. Пабудаваны ў 1809 г. з дрэва на месцы старога храма, узведзенага тут яшчэ ў ХVII ст. Абнесены каменнай агароджай з брамай. Побач з касцёлам – званіца.

Першы касцёл у Данюшаве быў узведзены з дрэва ў 1620 г. на сродкі Яна Кішкі і яго жонкі Хрысціны з Друцкіх-Сакольскіх, як філіял сольскага. У 1728 г. Мікалай Кошыч заснаваў тут езуіцкую місію. Пасля ліквідацыі ордэна езуітаў у 1773 г. касцёл быў прылічаны да парафіяльных. У канцы ХVIIІ ст. ён быў разбураны, і службы праходзілі ў хляве. У 1809 г. памешчык Мірцін Кліманскі пабудаваў у Данюшаве новы храм. У 1899 г. ён быў пашыраны ксяндзом Гінтаўтам Ніказегам з дапамогай прыхаджан. Каталіцкая парафія Данюшава налічвала 3720 веруючых. Само мястэчка ў сярэдзіне ХІХ ст. належала памешчыцы Чарноцкай. У ім пражывала 212 жыхароў.

Калі ў 1866 г. смаргонскі касцёл св. Міхаіла быў закрыты, а яго будынак перадалі пад праваслаўную царкву, то большая частка смаргонскай каталіцкай парафіі была далучана да Данюшава, якое знаходзілася ў 6 вёрстах ад Смаргоні.

У гады першай сусветнай вайны ў данюшаўскім касцёле быў створаны нямецкі шпіталь. Па загаду нямецкага камандавання была разабрана званіца, у самім касцёле збудавалі печы для яго абагрэву, коміны ад якіх вывелі ў вокны. Памерлых ад ран немцаў хавалі проста ў двары. Аб гэтым сведчаць два помнікі нямецкім афіцэрам, якія знаходзяцца ўнутры касцёльнай агароджы. Пасля таго як лінія фронта стабілізавалася непадалёку ад вёскі, немцы узвялі перад касцёлам вялікі помнік з камянёў і бетону, які прысвяцілі “памяці слаўнага наступлення 1915 г.”.

Вёска Данюшава – радзіма вядомага ў каталіцкай іерархіі ксяндза-прэлата Яна Курчэўскага (1854 – 1917). Курчэўскі шмат зрабіў для касцёла: набыў арган, падараваў у 1907 г. вялікі звон. На ім захаваўся надпіс: “Прыхаджанам данюшаўскім ад прэлата Курчэўскага. Няхай не акамянеюць сэрцы тых, хто пачуе гэты звон. Вільня, 1907 год”. У 30-я гг. мінулага стагоддзя для яго спецыяльна пабудавалі новую званіцу. Старажылы расказваюць, што звон чуўся да самай Смаргоні.

У 60-я гг. касцёл закрылі. Старажытныя абразы і начынне людзі паспелі вынесці і схаваць. У касцёле знаходзілася спачатку зернесховішча, а пазней захоўвалася ільняное насенне калгаса “Сцяг Перамогі”. Тады ж са званіцы скінулі і звон. Ён доўга ляжаў каля касцёла, яго хацелі здаць на металалом, але змаглі толькі вырваць язык. Сам звон ацалеў і некаторы час захоўваўся ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

У канцы 80-х гг. ХХ ст. касцёл у Данюшаве зноў быў адкрыты. Людзі вярталі выратаваныя абразы і начынне, змаглі аднавіць стары арган. Для звона на Смаргонскім заводзе аптычнага станкабудавання адлілі новы язык, але вярнуць звону ранейшы голас так і не ўдалося.

 

   Наверх

Касцёл Прасвятой Троіцы ў аг. Войстам

 

Помнік архітэктуры стылю “мадэрн”. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Пабудаваны ў пач. ХХ ст. з цэглы, бутавага каменю і бетону.

Звесткі аб першым касцёле адносяцца да 1440 г. У гэты час ўладальнікам маёнтка і мястэчка Ушакова (пад такой назвай раней упамінаецца в. Войстам) быў пан Вайдзіла. У гэтым мястэчку ён заснаваў на свае сродкі каталіцкую парафію і пабудаваў касцёл. Каб забяспечыць існаванне парафіі пан Вайдзіла ахвяраваў для яе дары.

У канцы ΧV – пач. ΧVI стст. уладальнікам Ушакова быў Стэфан Андрушковіч Ятаголдавіч Радзівіл, які жыў у мястэчку і меў тут свой двор.

У ΧVI ст. касцёл стаў кальвінскім збором.

У 1674 г. – касцёл быў адрэстаўрыраваны намаганнямі ксяндза Панасевіча і наноў асвечаны суфраганам Слупскім.

У 1744 г. касцёл быў адбудаваны з дрэва ксяндзом Янам Твардоўскім.

У 1809 г. на могілках у Войстаме ксёндз Грынеўскі пабудаваў капліцу, якая была адноўлена каля 1890 г.

У гады Першай сусветнай вайны касцёл у Войстаме быў разбураны. Па успамінах старажылаў на тым месцы, дзе цяпер касцёл, быў магільнік і немцы хавалі тут сваіх нябожчыкаў. А драўляная каплічка замяняла ў некаторых сітуацыях касцёл. Яна мела форму чатырохбаковай двухпавярховай вежы з арачнымі вокнамі, дзе знаходзілася фігура Божай Маці або Езуса Хрыста. Чатыры сцяны капліцы азначаюць канчатковыя рэчы – смерць, Божы Суд, чысцілішча і пекла, а скляпенне сімвалізуе неба.

Прыкладна ў 1922‑1923 гг. пры ксяндзе Мачульскім пачалі будаваць сучасны касцёл. Усімі работамі кіраваў інжынер з Вільні – Галубовіч. Будаўніцтва ішло на сродкі парафінян, зборы якіх былі арганізаваны ксяндзом Мачульскім і вікарыем Янам Завістоўскім. Першы малебен у яшчэ недабудаваным касцёле адбыўся ў ліпені 1939 г.

У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы зрабілі у ім склад зерня. Пасля вайны пачаліся аддзелачныя работы ўнутры касцёла. Аздобу алтарнай часткі і хораў зрабіў вікарый Жук (ураджэнец х. Юрздыка, што некалі быў каля Войстама). У пасляваенны час у касцёле служыў ксёндз Марцэлі Слупінскі, які памёр у 1950 г. Да 1957 г. свяшчэнніка ў Войстаме не было. Парафіяне самі ўтрымлівалі храм, даглядалі яго. З 1957г. па 1981г. у касцёле служыў ксёндз Франц Міхайлавіч Більша. Пры ім храм быў электрыфікаваны і абгароджаны. З 1981 г. сюды наязджалі розныя ксяндзы, каб адслужыць св. Імшу – Грынкевіч, Шуткевіч, Ясевіч, Куляшэвіч. Пры апошнім  пачалі ўзводзіць новую агароджу вакол касцёла, зрабілі паравое ацяпленне. З 1987 г. работы па ўнутранай аддзелцы ўзначаліваў ксёндз Антон Казіміравіч Юссель. Узамен драўлянага скляпення ўнутры касцёла было пакладзена з бетону, былі заменены іншыя дэталі інтэр’еру храма. У касцёле ёсць арган.

Зараз пробашч парафіі Войстама ксёндз Лявон Ладышус.

  

   Наверх

Касцёл Святога апостала Тадэвуша ў аг. Вішнева

Помнік архітэктуры класіцызму

Будаўніцтва касцёла пачалося ў 1811 г. Асвечаны ў 1820 г. Касцёл быў пабудаваны з цэглы.

Пасля паўстання 1863-1864 гг. касцёл быў  ператвораны ў праваслаўную царкву, а вернікі прымацаваны да касцёла Найсвяцейшай Троіцы ў в. Жодзішкі.

У 1935 г. быў адноўлены ў якасці каталіцкага храма.

Храм вырашаны суцэльным выцягнутым прамавугольным аб’ёмам пад 2-схільным бляшаным дахам. Галоўны фасад – дарычны 4-калонны порцік з 3-вугольным франтонам. Плоскасныя фасады лаканічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках, арачнымі нішамі-экседрамі для скульптуры па баках увахода, апяразаны буйным антаблементам з трыгліфным фрызам. Над алтарнай часткай у 1866 г. была надбудавана вежа з шатровым пакрыццём, завершаным галоўкай.

У інтэр’еры бакавыя сакрысці вылучаюць алтарную частку, вышэйшую за залу, якая аддзяляецца 2 паўкалонамі дарычнага ордэна. Яна асвятляецца 3 вокнамі (у вежы) і паўцыркулярнай люкарнай над 4-калонным алтаром. Пры ўваходзе на 4 калонах размешчаны хоры на шырыню залы, на якія вядзе вітая лесвіца. Па перыметры залы пад плоскай столлю на падугах праходзіць карнізны пояс на дэнтыкулах.

Пабудаваная каля касцёла 2-ярусная вежа-званіца накрыта шатровым гонтавым дахам. Першы ярус яе выкладзены з бутавага каменю, другі адмежаваны гонтавым сцёкам.

 

   Наверх


в. Алешышкі, Залескі с/с

Каменны могільнік перыяду позняга сярэднявечча (14-16 стст.). У вёсцы ёсць месца, дзе захаваліся рэшткі каменнай агароджы і каменнага пастаменту. Па звестках мясцовых жыхароў гэта месца з’яўлялася месцам пахавання нямецкіх салдат у вайну 1914 г.

Літаратура па помніку не знойдзена.

 

в. Андрэеўцы, Жодзішкаўскі с/с

Курганны могільнік на правым беразе р. Вілія. 16 насыпаў у 1935 г. даследаваў Г.Цэгак-Галубовіч. Датуюцца 5-6 стст. Захавалася каля 15-ці насыпаў вышынёй 1-1,5 м. Большая іх частка пашкоджана траншэямі.

 

 

 

 в. Войстам, цэнтр с/с

Гарадзішча на пагорку вышынёй 5-6 м. Пляцоўка дыяметрам 50 м. Адкрыў у 1893 г. Ф.В.Пакроўскі, абследавалі ў 1938 г. У.Галубовіч, у 1974 г.   Г.В.Штыхаў. Адносіцца да ранняга жалезнага веку. Пляцоўка моцна пашкоджана акопамі ў І сусветную вайну.

Селішча

Прымыкае да гарадзішча з усходняга, паўночнага і паўднёвага бакоў. Плошча каля 3 га. Абследаваў у 1974 г. Г.В.Штыхаў. Датуецца 6-8 стст. н. э. Стан здавальняючы.

 

 

 

 

в. Выгаляненты, Вішнеўскі с/с

Курган справа ад лясной дарогі ў в. Свайгіні. Насып дыяметрам 6,5 м, вышынёй 1 м. Абследаваў у 1974 г. Г.В.Штыхаў. Пашкоджаны ямай скарбашукальнікаў.

 

 

 

 

в. Вялікая Мыса, Залескі с/с

Каменны могільнік злева ад палявой дарогі ў в. Суцькава. Уяўляе сабой старыя магілы з захаванымі каменнымі крыжамі і надмагільнымі камянямі. Знаходзіцца на сучасных вясковых могілках. Па словах мясцовых жыхароў на ўзгорку паміж могілкамі і вёскай некалі стаяла царква, побач з якой прасочваліся старыя пахаванні з камянямі.

 

 Наверх

в. Гарані, Вішнеўскі с/с

Гарадзішча за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Гарані. Мясцовая назва Чорная гара. Займае ўзгорак з падрэзанымі схіламі вышынёй 7-12 м. Пляцоўка трохвугольная памерамі 75 х 60 м. Штучных умацаванняў няма. Выявіў у 1978 г. і даследаваў у 1978-1981 г. Я.Г.Звяруга. Датуецца 1 – пачаткам 2-га тыс. н.э. Паўночна-ўсходняя частка схіла зрэзана дарогай Смаргонь–Свір.

 

 

Завозерцы, в., Сольскі с/с

Стаянка паміж цэнтрам вёскі і р. Сікунка (у месцы вытоку рачулкі з возера Рыжае), на выступе пясчанага ўзвышша. Памеры 40 х 80 м. Выявіў і абследаваў у 1984 г. М.М.Чарняўскі. Адносіцца да эпохі мезаліту, датуецца 7-6 стст. да н.э. Стан здавальняючы.

 

 

в. Каты, Сінькоўскі с/с

Паклонны камень перыяду бронзавага веку за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі, ва ўрочышчы Чырвоны Камень.

У археалагічнай літаратуры вядомы камень ля в. Кеўлы, які знаходзіцца ва ўрочышчы Чырвоны Камень. Вёска Кеўлы размешчана прыкладна за 1 км на паўночны захад ад вёскі Каты. Хутчэй за ўсё гэта адзін і той жа аб’ект. Памеры валуна чырвонага граніта рапаківі роўныя 4 х 2,7 х 1,4 м. У паглыбленні на камені прагледжваецца след лапы ката. Абследаваў у 1990 г. геолаг В.Ф.Вінакураў.

 в. Крэва, цэнтр с/с

Гарадзішча размешчана на паўночна-ўсходнім канцы вескі, на полі, на левым беразе р. Крыўлянка (ля вытока). Пляцоўка авальная, памерам 40 х 20 м, вышынёй да 20 м, з усіх бакоў умацавана валамі вышынёй да 5 м. Абследавалі ў канцы 19 ст. Ф.В.Пакроўскі, у 1974 г. Г.В.Штыхаў. Датуецца 16-17 стст. Стан здавальняючы.

 

 

   Наверх

в. Монтацішкі, Крэўскі с/с

Гарадзішча за 0,3 км на поўнач ад вёскі. Пляцоўка авальная, памерам 40 х 60 м, абкружана валам вышынёй 2 м. Абследавалі ў 1955 г. Ф.Д.Гурэвіч, у 1974 г. А.Г.Калечыц. Адносіцца да жалезнага веку. Стан здавальняючы.

Курганны могільнік за 0,5 км на поўнач ад вёскі, у лесе. 20 насыпаў вышынёй 0,5-3 м, дыяметрам 6-12 м. Абследавалі ў 1955 г. Ф.Д.Гурэвіч, у 1974 г. А.Г.Калечыц. Стан здавальняючы.

 в. Няфёды, Вішнеўскі с/с

Гарадзішча за 0,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, справа ад дарогі на в. Войстам (ад перакрыжавання трох дарог 0,3 км), на полі. Пляцоўка прадаўгавата-авальнай формы, памерамі 70 х 25 м, краі паніжаныя, схілы стромкія. Адкрыў і абследаваў у 1975 г. Я.Г.Звяруга. Адносіцца да ранняга жалезнага веку. Паўднёвая частка моцна пашкоджана. У астатнім стан здавальняючы. Ахоўная дошка адсутнічае.

 

в. Сінькі, цэнтр с/с

Гарадзішча за 0,4 км на ўсход ад цэнтра вёскі, на правым беразе р. Драй (100 м), на левым беразе р. Кужэц (250 м), злева ад палявой (грунтовай) дарогі ў в. Загор’е, парасло лесам. Прасочваюцца рэшткі вала і рова каля падэшвы ўзгорка. Схілы ўмацаваны камянямі. Стан здавальняючы.

 

 

Скірдзімы, в., Крэўскі с/с

Курганны могільнік за 2,1 км на поўнач ад вёскі Скірдзімы, за 1,1 км на паўночны захад ад в. Фядзевічы, у лесе, злева (100 м) ад шашы Р-28 на Вільнюс. 39 курганоў дыяметрам каля 15 м, вышынёй 0,3-1,3 м. Выяўлена каменная абкладка курганоў. Вядомы з канца 19 ст. Абследаваў у 1982 г. Э.М.Зайкоўскі. У цэнтры амаль усіх насыпаў глыбокія ўпадзіны.

 

в. Суцькава, Сінькоўскі с/с

Гарадзішча за 0,4 км на ўсход ад месца злучэння вёсак Суцькава і Наваспаск, за 0,5 км на паўднёвы захад ад МТФ, за 0,4 км на поўдзень ад пруда, на левым беразе р. Бяла, на гары вышынёй да 20 м. Выявіў у 1893 г. Ф.В.Пакроўскі, даследаваў у 1974 г. Г.В.Штыхаў. Датуецца канцом 1 ст. да н.э. – пачаткам 1 ст. н.э. Помнік знішчаны кар’ерам. Захаваліся невялікія рэшткі вала і рова толькі з поўначы. Ад пляцоўкі засталася вузкая палоска, у зрэзе якой відаць чорны культурны слой.

 

в. Медрыкі, Сольскі с/с

Курган за 1,5 км на ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Кернава. Насып вышынёй 1 м, дыяметрам 6 м. Абследаваў у 1974 г. Г.В.Штыхаў. Падчас інвентарызацыі ўстаноўлена, што 15 год таму побач з вёскай раўнялі рэчышча ракі, пракладвалі дарогу, строілі дамбу. Мясцовы жыхар паказаў месца, дзе некалі стаялі курганы. Усё цяпер пад вадой. Помнік знішчаны.

 

 

 Наверх

 

Назад Домашняя

Галоўная Афіша Навіны Гісторыя Нашы дасягненні Інфармацыя Фонды Мы прапануем Прэйскурант Помнікі Зваротная сувязь

 e-mail© Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, 2011